РЭТРА-СЕЗОН У ЗАМКУ ЗАКРЫТЫ!

05.10.2017

1 кастрычніка Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і Музычны Дом “Класіка” запрасілі наведвальнікаў на мерапрыемства, прысвечанае закрыццю рэтра-сезона пад назвай “Паляўнічы пікнік у Палацы Радзівілаў”. Падзея была прысвечана гістарычнаму факту: князь Манака – Луі ІІ прыязджаў да Альбрэхта Радзівіла на паляванне ў Нясвіж.  Увесь дзень у палацы можна было сустрэць двух князёў - Луі з Манака і Альбрэхта Радзівіла, на пэўны час перанесціся ў момант іх сустрэчы, паслухаць іх аповяды. Антураж,  музыка,  элементы вопраткі, гісторыі,   – усё ў замку у той дзень было звязана з тым часам.

Напрацягу ўсяго дня ў дворыку палаца адбываліся гульні і забавы са смаргонскім  мядзведзем – выхаванцам Радзівілаўскай акадэміі. Пляцоўка турыстычнай кампаніі “Віаполь” прываблівала вялікае кола турыстаў магчымасцю выйграць экскурсію ці шакаладку. Кампанія “Калі ласка” праводзіла дэгустацыю сваёй прадукцыі – экалагічна чыстых чайных напояў, якія сагравалі і ўзбадзёрвалі. Спецыяльна запрошаныя госці, – гурт паляўнічай музыкі BEKAS з Драгічына, – здзіўлялі сваім  майстэрствам перадаваць гукі птушак і звяроў, паляўнічымі песнямі і музыкай. Віктар Шалкевіч, які ў гэты дзень узяў на сябе ролю шэфа мерапремства весяліў публіку жартамі. А якія выдатныя фотаздымкі з паляўнічымі сабакамі застануцца на памяць у наведвальнікаў! 

У экскурсійным маршруце па пакоях наведвальнікі маглі сустрэцца з Эльжбетай Радзівіл. Дачка князя Альбрэхта расказвалашмат цікавага, бо гісторый з паляваняў яна ведае шмат.  Таксама была магчымасць наведаць выставачныя залы, ў якіх апошні дзень працавала часовая экспазіцыя, прысвечаная жыццю Заходняй Беларусі напачатку мінулага стагоддзя.