Выстава Мікалая і Алены Байрачных

27.10.2017

З 30 кастрычніка 2017 г. па 4 лютага 2018 г. у Малай выставачнай зале сектара «Палацавы ансамбль» адбудзецца выстава «Гарнітурная лялька і кабінетная бронзавая скульптура» Мікалая і Алены Байрачных.

Мінскі мастак Алена Кузьмінічна Байрачная стварае лялькіў гістарычных строях, майстар дэманструе, як выглядалі жыхары Вялікага Княства Літоўскага, іспанскія гранды, англійскія лорды. Аўтару цікавы менавіта гэты перыяд, паколькі, менавіта тады, кожная краіна мела яскравыя адметныя рысы - па галаўным уборы і іншых дэталях туалета можна было адразу вызначыць рэгіён, дзе яны былі папулярныя. Лялькі спалучаюць у сабе неверагодную дакладнасць рэканструкцыі гістарычнага касцюма, усю вопратку аўтар шые сама, а шпагі і іншую зброю для кавалераў робіць муж Мікалай Іванавіч. Лялькі гэтай сямейнай пары знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі Нясвіжскага замка.

Кампанію пекным лялькам на выставе дадаюць кабінетныя скульптуры Мікалая Байрачнага. Скульптар надае павагу дробным дэталям і ператварае рэч у захапляльную цацку, якую варта разглядаць доўга і ўважліва, адкрываючы самыя нечаканыя сакрэты. Высокі прафесіяналізм Мікалая Iвановiча праяўляецца і ў вывучэнні старажытных кніг з гравюрамі, з тым, каб мець магчымасць зрабіць пэўныя элементы і знайсці патрэбны фасон для чаравічкаў. У выніку гэтыя выключныя шэдэўры не проста існуюць, а прымушаюць ўсе астатнія прадметы падпарадкоўвацца сабе.

Творчасць гэтай сямейнай пары адзначаецца высокай якасцю работ і разнастайнасцю сюжэтаў.

Кошт уваходнага білета - 2 BYN (Школьнікі і студэнты - 1 BYN).

Выстава працуе з 9:00 да 18:00, квіткі можна набыць у касе музея да 17:00.

Наведвальнікам, якія хочуць паглядзець толькі выставу, не трэба набываць уваходны квіток на наведванне Палацава-паркавага ансамбля, дастаткова мець білет на выставу.