Выстава “Колеры натхнення”

09.11.2017

З 8 лістапада па 20 снежня 2017 г. у выставачнай зале Інфармацыйна-касавага цэнтра праходзіць выстава “Колеры натхнення” мастака Дар’і Васільеўны Сумаравай-Копач.

Дар'я нарадзілася 15 ліпеня 1977 года ў сям'і мастака Васіля Сумарава. Талент, заахвочванне бацькоў і жаданне быць мастачкай – усё гэта адыграла галоўную ролю ў жыцці Дар'і. У 1990 годзе паступіла ў Беларускую мастацкую гімназію ім. Ахрэмчыка, якую паспяхова скончыла ў 1995 годзе. Не спыняючыся, на гэтым, Дар'я Сумарава-Копач скончыла ў 2002 годзе Беларускую Дзяржаўную Акадэмію Мастацтваў.

 На сённяшні дзень Дар'я з'яўляецца членам Беларускага Саюза Мастакоў і педагогам дзіцячай мастацкай школы № 3 г. Мінска. Актыўная ўдзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і пленэраў.

Натхніўшыся аднойчы прыгажосцю палявых і садовых кветак, мастачка стварыла цэлую серыю работ, прысвечаную гэтым раслінам. У пышных букетах сабраны мілыя рамонкі і валошкі, гарэзныя званочкі і далікатны гарошак, строгі крываўнік і сонечная піжма.

Аўтарам створана гарманічная кампазіцыя, падказаная самой прыродай. У нацюрмортах шмат святла, паветра, яны не перагружаныя, маюць чысты і нейтральны фон. Такія кветкі, як флоксы, лілеі, бэз і півоні выконваюць у гэтым святочным летнім канцэрце сольныя партыі. Карціны Дар’і гэта сапраўдная ўрачыстасць яркіх фарбаў і сакавітых адценняў.