Каляды і Новы Год у палацы Радзівілаў!

01.12.2017

«Калядныя дні ў Радзівілаў» 23, 24, 25, 30, 31 снежня 2017 года
Напярэдадні навагодніх святаў гасцей чакае забаўляльна-займальная праграма, прыемныя неспадзяванкі і святочная атмасфера.
Палац напоўніцца ўзнёслай каляднай музыкай мінулых эпох, пахам яловых галінак і прысмакаў, смехам і сюрпрызамі.
У цэнтральным двары ля галоўнай Палацавай елкі высокашаноўных гасцей сустрэне касалапы выхаванец Смаргонскай мядзведжай акадэміі, любімы герой для фатаграфавання дарослых і дзяцей, а ў Палацы - сама княжацкая сям’я на чале з князем Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькай з жонкай і дзецьмі, разам з музыкантам Шрэтарам з Нясвіжскай капэлы павіншуюць гасцей музычным сюрпрызам. Для самых маленькіх гасцей будзе арганізаваная дзіцячая майстэрня.

Новы Год у палацы Радзівілаў 2–8 і 13–14 студзеня 2018 г.

2018 год, як ніякі іншы, насычаны памятнымі датамі. 500 гадоў таму Радзівілы ўпершыню атрымалі тытул князёў Свяшчэннай Рымскай Імперыі. 435 гадоў прайшло ад пачатку будаўніцтва Нясвіжскага замка. Нарэшце, 25 год назад быў створаны музей-запаведнік “Нясвіж”! Кожная падзея заслугоўвае таго, каб быць годна адзначанай у сценах былой княжацкай рэзідэнцыі, якая сёння адкрыта для ўсіх, хто жадае далучыцца да слаўнай мінуўшчыны нашай краіны. Далучайцеся і Вы! Святочныя мерапрыемствы пачнуцца з сустрэчы Новага Года ў радзівілаўскім палацы.
У першыя студзеньскія дні Вас чакае захапляльнае гістарычнае падарожжа ў розныя эпохі. Праходзячы па залах і пакоях палаца, Вы паслядоўна трапіце ў XVII, XVIII і XIX стст., дзе сустрэнецеся з прадстаўнікамі княжацкай сям’і. Вас чакаюць Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька і Антоній Вільгельм Радзівіл. Хаця яны жылі і дзейнічалі ў розныя часы, усіх гэтых мужчын аб’ядноўвае адно – яны неаднойчы бралі ў рукі зброю. Ім даводзілася ўдзельнічаць у бітвах, планаваць ваенныя кампаніі, умацоўваць рэзідэнцыі, зведаць радасць перамог і горыч паражэнняў. Іх імёны назаўсёды ўпісаны ў ваенны летапіс радзівілаўскага дому, нашай краіны і ўсёй Еўропы. Менавіта такія суразмоўцы могуць распавесці рэчы, аб якіх наўрад ці пачуеш на звычайнай экскурсіі. 
Акрамя ўспамінаў пра былыя паходы і перамогі Вас чакае атмасфера сапраўднага свята з пахам яловых галінак, дабразычлівымі ўсмешкамі, сюрпрызамі і падарункамі, якія доўга будуць нагадваць пра Новы Год у палацы Радзівілаў.