Выставачны праект “Дуэт”

21.12.2017

З 21 снежня па 30 студзеня ў зале інфармацыйна-кассавага цэнтра адбудзецца выставачны праект “Дуэт”, які прадастаўляе творы дзвух майстраў выцінанкі Наталлі Гамаюнавай і Алены Шаліма.
Алена Шаліма любіць і разумее прыроду, захапляецца гісторыяй, культурай, архітэктурай, з дзяцінства малюе, выдатна фатаграфуе, распісвае кераміку і шкло. Усе гэтыя здольнасці і захапленні арганічна спалучыліся і ўвасобіліся ў выцінанцы – зварот да беларускай міфалогіі. Яна першай узялася за асваенне гэтага пласта нацыянальнай культуры. Паэтыка народнага светаўспрыняцця, разумення “характару” шматлікіх язычніцкіх бостваў, якія да нядаўняга часу “насялялі” ўвесь сялянскі побыт, аказалася вельмі сугучнай натуры майстра. Яе дамавікі, лесавікі, палевікі, хлеўнікі, балотнікі і нават ваўкалакі нейкія па-хатняму мілыя, зычлівыя, “чалавечныя”, нібы добрыя сялянскія заступнікі і абаронцы. 
Наталля Гамаюнава выцінанкай займаецца з 2000 года, з 2002 г. – сябра Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. З дзяцінства ўвабраная любоў да родных абшараў, да зямлі, захапленне гармоніяй сусвету вызначаюць вобразы яе творчасці. Акрамя традыцыйнага чорнага майстар часта звяртаецца і да іншых колераў, якія, на яе думку, найлепш адпавядаюць задуме.
Заветная мара ўдзельніц выставачнага пректа, каб выцінанка знайшла сваё пачэснае месца сярод народных рамёстваў, у нашым побыце, радавала вока і сагравала душу.