Мора, вецер і дождж у Радзівілаўскім Палацы

08.09.2012

На трэцім паверсе арсенала побач з тэатральнай залай знаходзіцца экспазіцыя “Тэатральнае і музычнае жыццё ў нясвіжскім Палацы”. З нядаўняга часу тут экспаніруюцца мудрагелістыя прылады. Гэта тэатральныя машыны XVIII стогоддзя. Магчыма, менавіта такія былі ў Радзівілаў і стваралі чарадзейства тэатральных вечарын Уршулі Радзівіл. На жаль, не захавалася ніводнай рэшткі ўладкавання і аздаблення тагачаснай тэатральнай залы. Крыніцамі для рэканструявання сталі гравюры прыдворнага мастака Міхаіла Жукоўскага. Супрацоўнікі музея-запаведніка з задавальненням дэманструюць наведальнікам магчымасці гэтых унікальных прылад на практыцы. Жадаеце ўбачыць, як хвалюецца тэатральнае мора? Пачуць, як вее вецер і шуміць дождж эпохі барока у пераходах Палацавага ансамбля? Шчыра запрашаем на экспазіцыю!