Біблія Скарыны: праз стагоддзі - ў Нясвіж

04.10.2012

15 кастрычніка “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” правядзе ўрачыстую цырымонію адкрыцця выставы “Біблія Францыска Скарыны: скрозь стагоддзі”. Унікальную Біблію можна будзе ўбачыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, што стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія.

Упершыню ў Беларусі будзе прадстаўлены адзіны існуючы ў Германии асобнік Бібліі Францыска Скарыны – першадрукара ўсходніх славян. Кніга прабудзе на нашай зямлі 1 месяц. Усе жадаючыя змогуць убачыць гэтую гістарычную рэліквію ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а затым у музеі-запаведніку “Нясвіж”.

Прадстаўлены асобнік Бібліі быў надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе ў 1517 – 1519 гадах, на працягу стагоддзяў яна належала нямецкаму гораду Гёрліц. Аднак толькі ў 2003 годзе гэта ўнікальнае выданне было нанава знойдзена ў шырокіх фондах Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі.

Месцам правядзення выставы абраны знакаміты Нясвіжскі палац Радзівілаў. Яшчэ з моманту заснавання замка род Радзівілаў пачаў збіраць унікальную бібліятэку, якая ў лепшыя свае часы налічвала каля 20 тысяч тамоў. Экспанавацца Біблія Францыска Скарыны будзе ў цалкам адноўленым памяшканні палацавай капліцы, пабудаванай спецыяльна для найважнейшых святынь роду.

Гэты міжнародны праект сведчыць не толькі аб адраджэнні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, але і аб прызнанні значнасці нашай спадчыны для еўрапейскай культуры. Будзем спадзявацца, што гэта толькі “першая ластаўка” і неўзабаве мы зможам ўбачыць у нашых музеях страчаныя калісьці культурныя скарбы.

Выстава “Біблія Францыска Скарыны: скрозь стагоддзі” будзе праходзіць у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” з 15 па 25 кастрычніка 2012 года.