Прайшоў першы Палацавы баль

12.11.2012

Суботні вечар 10 лістапада сабраў у сценах Нясвіжскага палаца каля 400 прыгожых дам і іх галантных кавалераў. На адну ноч у залах княжацкай рэзідэнцыі, як і стагоддзі таму, зноў запаліліся ўсе свечкі, заспявалі скрыпкі, а пары закруціліся ў вальсе. Святочнае дзейства праходзіла на дзвюх пляцоўках: на Галоўнай бальнай сцэне ў двары замка і ў інтэр'ерах палацавых пакояў. Для гасцей выступалі знакамітыя артысты і вядомыя музычныя калектывы. На дабрачынным аўкцыёне ў падтрымку рэстаўрацыі Навагрудскага замка сышлі з малатка каштоўныя артэфакты. Сярод запрошаных быў і Павел Латушка, які пракаментаваў асноўную ідэю сумеснага праекту Мінкультуры Беларусі, музея-запаведніка “Нясвіж” і кампаніі “Берын Арт Менеджмент”: “Мы хочам аднавіць традыцыі, якія існавалі ў розных гарадах на тэрыторыі беларускай зямлі тры стагоддзі. Праз гэтыя традыцыі мы пракладаем масток з мінулага праз сучаснае ў будучыню. Важна, каб гэты новы-стары аб'ект нашай культуры зажыў паўнавартасным жыццём”. Апоўначы над палацам ўспыхнулі залпы феерверкаў - баль атрымаўся на славу!