Сакральная спадчына Літвы

04.12.2012

З 14 снежня 2012 г. па 18 лютага 2013 г. у Нясвіжскім палаца-паркавым ансамблі адбудзецца выстава “НАДЗЕЯ, ВЕРА, УВАСКРЭСЕННЕ” з Музея Рокішкскага краю (Літва) і аўтарскай калекцыі Ігара Вячаслававіча Сурмачэўскага.
Наведвальнікі маюць унікальную магчымасць пабачыць найбольш яскравыя віды літоўскага нацыянальнага традыцыйнага мастацтва: народную сакральную скульптуру (XVI-XIX стст.), металічныя крыжы і мастацкія элементы помнікаў малой архітэктуры. Традыцыя вырабу крыжоў захавалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. У 2001 г. міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА уключыла яе ў Спіс шэдэўраў нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.