Фотавыстава Віталя Раковіча

18.11.2013

З 21 лістапада па 31 студзеня ў памяшканні інфармацыйна-касавага цэнтра музея-запаведніка «Нясвіж» дзейнічае фотавыстава Віталя Раковіча «Ілюстрацыі да гісторыі беларускай…». На выставе прадстаўлены мясціны Беларусі, якія, на думку аўтара, «цудоўна фатаграфаваць у любы час сутак».

Віталь Раковіч – член савета Беларускага грамадскага аб’яднання фотамастакоў «Фотамастацтва», член савета народнага Фотаклуба «Мінск», член творчай групы «ФотаАртСтудыя «У Бірылкі…». У актыве – дзясяткі персанальных выстаў, удзел у вялікай колькасці сумесных выставачных праектаў. Пераможца і прызёр многіх беларускіх і міжнародных конкурсаў фатаграфіі, арганізатар і куратар выставачных праектаў, Віталь працуе ў стылі неафатаграфікі. Ён шмат вандруе па Беларусі і шукае новыя ракурсы ў архітэктуры.
Усе, што вы бачыце на здымках, – рэальнае. Гэта бачанне аўтара. Фатаграфія – хобі Віталя Раковіча, і, як ён лічыць, «калі б гэта была прафесійная дзейнасць, то такія здымкі не атрымаліся б». Работы аўтара – гэта не зусім фатаграфія, хутчэй, гэта фатаграфіка.
За апошнія гады Віталь праехаў па Беларусі дзясяткі тысяч кіламетраў. Больш за ўсё яму падабаецца фатаграфаваць архітэктуру: «Пад уздзеяннем рукі чалавека архітэктура мяняецца: штосьці знікае, штосьці перабудоўваецца. Фатограф жа намагаецца спыніць час здымкам і захаваць тое, што праз пакаленні ўжо немагчыма будзе ўбачыць».
Наведванне выставы вольнае.