Канцэрт піяніста Барыса Беразоўскага ў Нясвіжы

26.04.2012

25 красавіка 2012 года ў Палацавым ансамблі горада Нясвіжа адбыўся канцэрт-рэчытал піяніста Барыса Беразоўскага. Дадзенае мерапрыемства праходзіла ў рамках II Міжнароднага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае", пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУ "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж".

Барыс Беразоўскі – уладальнік першай прэміі (залатога медаля) на IX Міжнародным конкурсе ім. П. І. Чайкоўскага, носіць ганаровае званне "Steinwayartist". Яго называюць "новым Рыхтэрам", а гучанне выкананых ім твораў з найбагацейшым спектрам дынамічных адценняў прызнаюць самым дасканалым сярод піяністаў яго пакалення. Акрамя таго, Барыс Беразоўскі – ініцыятар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю Мікалая Метнера ("Метнер-фестываль"), які з 2006 года праходзіць у Маскве, Екацярынбурзе і Уладзіміры.

Нясвіж ўпершыню прымаў артыста такога ўзроўня. Для нясвіжан і гасцей горада Барыс Беразоўскі выканаў вальс М.Равеля, Іспанскія сюіты І. Альбеніса, Венгерскія танцы І. Брамса і іншыя творы.