Выстава «Падарожжа з Парыжу ў Нясвiж»

23.07.2014

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» прадстаўляе новы арт-праект беларускай мастачкі Ірыны Котавай, якая больш за дзесяць гадоў жыве і працуе ў Францыі, «Падарожжа з Парыжу ў Нясвiж».

8-га жніўня ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля адбудзецца адкрыццё аднаіменнай выставы мастачкі, дзе будзе прадстаўлена больш за шэсцьдзесят яе твораў. Работы, выкананыя пераважна ў тэхніцы пастэлі, раскрываюць назву выставы, дазваляючы гледачу здзейсніць мастацкае падарожжа са сталіцы Францыі ў культурную сталіцу Беларусі - старадаўні Нясвіж. Чатырнаццаць карцін, прысвечаных рэзідэнцыі знакамітага роду Радзівілаў, былі выкананы І. Котавай на працягу некалькіх месяцаў непасрэдна ў Нясвіжы і ўпершыню будуць там экспанавацца.

Дзеля большага ўзмацнення вобразных уражанняў у кантэксце адкрыцця выставы ўвазе гледачоў прапануецца музычна-літаратурна-мастацкі перформанс, у якім прымаюць удзел Ірына Котава, французскі пісьменнік і публіцыст Крыcтоф Левалуа, а таксама музыканты Галіна Мацюкова (флейта-траверса, Мінск) і Дзмітрый Зубаў (клавесін, Санкт-Пецярбург).

Арганізатарамі праекта выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы і Пасольства Французскай Рэспублікі ў Беларусі.

Выстава Ірыны Котавай будзе доўжыцца да 21 верасня.