Унікальны дакумент

04.09.2014

Фонды ДУ “Нацыянальны музей-запаведнік “Нясвіж” папоўніліся дакументам XVII ст. Гэта “Паездчы ліст” слонімскага земскага суддзі Крыштапа Палубінскага ад 20 ліпеня 1663 г., складзены на падставе выраку Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Дадзены дакумент быў выстаўлены на сайце электроннага аўкцыёна “Allegro”. Дзякуючы намаганням Андрэя Радкова – студэнта-гісторыка, чалавека неабыякавага да беларускай культуры, удалося звязацца з уласнікам і атрымаць копію дакумента. Экспертыза і атрыбутацыя рукапісу, якія правёў археограф і архівіст Зміцер Яцкевіч не пакінулі сумненняў у тым, што гэта арыгінальны ліст сярэдзіны XVII ст. Дзякуючы намаганням Аляксея Бацюкова – дырэктара Музея гісторыі Магілёва, быў знойдзены спонсар для набыцця ўнікальнага дакумента. Ім стаў Валерый Казакоў. Гэта імя добра вядома людзям, якія цікавяцца беларускасцю. Ураджэнец Магілёўшчыны Валерый Мікалаевіч Казакоў, вось ужо шмат гадоў жыве і працуе ў Расіі. Ён палкоўнік запаса, кандыдат сацыялагічных навук, сябра Саюза журналістаў Расійскай Федэрацыі, Дзейны дзяржаўны дарадца РФ, займае пасаду памочніка паўнамоцнага Прадстаўніка Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Сібірскай федэральнай акрузе. Акрамя таго Валерый Мікалаевіч узначальвае нацыянальна-культурную аўтаномію “Беларусы Расіі”, з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Набыты ліст В. Казакоў асабіста прывёз у Нясвіж.

“Паездчы ліст” распавядае пра маёмасную спрэчку паміж двумя шляхцянкамі Кацярынай Цвірбутавай і Галінай Косцінай. Першая пазычыла паўтары тысячы злотых, якія, па нейкіх прычынах, не змагла аддаць. За гэта Галоўны Трыбунал Вялікага Княства пастанавіў адабраць у Цвірбутавай маёнтак Мізгіры ў Слонімскім павеце і перадаць яго крэдыторцы. Аднак, калі слонімскі земскі суддзя Крыштап Палубінскі, разам з павятовымі генераламі (так у ВКЛ называліся службоўцы, якія ўводзілі новых гаспадароў ва ўладанне маёнткам) прыехалі ў Мізгіры, у справе адкрыліся новыя абставіны…

Дакумент, без перабольшання ўнікальны. Дастаткова сказаць, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі не выяўлена ніводнага аналага. Хучэй за ўсё “Паездчы ліст” паходзіць з нейкага прыватнага архіва, аб чым сведчаць характэрныя папярочныя згібы паперы. У прыватных архівах дакументы захоўваліся ў складзеным, а не ў разгорнутым, выглядзе.

Ліст, як і большасць дакументаў таго часу, напісаны на польскай мове са значнай колькасцю лацінскіх выразаў, якія адосяцца да юрыдычнай тэрміналогіі. Дакумент падпісалі Крыштап Палубінскі і слонімскі павятовы генерал Даніла Навіцкі. Цікава, што апошні падпісаўся кірылічнымі літарамі. Дакумент замацаваны сыгнетавай пячаткай суддзі земскага слонімскага з гербам “Палубінскі” на кустодыі.