VIA REGIA

09.09.2014

7-8 верасня 2014 у Нясвіжскім замку адбыўся міжнародны семінар VIA REGIA. Значную ролю ў арганізацыі семінара адыгралі калегі з музея замкавы комплекс Мір. Польскі бок рэпрэзентавалі Гжэгаж Заянчкоўскі, Наталля Кертчак і Кінга Блашке. Галоўным мэсіджам семінара стала неабходнасць працяга культурнага шляху каралеўскай дарогі на тэрыторыі Беларусі. Гэты шлях можа стаць турыстычным маршрутам па беларускім барочным храмам. На семінары была прадстаўлена брашура Беларускі шлях барока: паўночна-усходняя Беларусь на VIA REGIA.

Падчас яго беларускія і польскія гісторыкі і мастацтвазнаўцы абмеркавалі брашуру, пагадзіліся, што выданні такой навукова-папулярнай серыі будуць цікавы шырокаму колу чытачоў. Барочная спадчына Беларусі - гэта скарб, які нам дастаўся ад продкаў. Яго шлях пачаўся ў Нясвіжы з пабудовай тут ў 1593 годзе першага барочнага касцёла на Беларусі і згасае на памежжы Беларусі і Смаленскай вобласці, дзе храмы ў стыле барока будавалі яшчэ ў першай палове ХIX стагоддзя. Каля трох стагоддзяў гэты архітэктурны стыль быў распаўсюджаным на тэрыторыі Беларусі. І стылі барока былі пабудаваны пярліны беларускай архітэктуры: касцёл у Глыбокім, Будславе, адбудаваны Сафійскі сабор у Полацку.

Новы імпульс барока атрымала на усходнебеларускіх землях. З дакладам “Помнікі барока на Беларусі: ад касцёла Божага Цела ў Нясвіжы да Магілёўскай школы дойлідства” выступіў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Зміцер Лявонцьявіч Яцкевіч.

Семнаццатае стагоддзе зрабіла Магілёў барочным горадам. На жаль, не ўсе з
пабудаваных касцёлаў і цэркваў дайшлі да нашых часоў, але гасцей Магілёва дагэтуль уражваюць фрэскі касцёла святога Станіслава і фрэскавыя роспісы царквы Мікалаеўскага кляштара.

Пытанне захавання шэдэўраў Віленскага барока стаіць асабліва востра для ўсходнебеларускіх земляў і праэкт VIA REGIA прыцягвае аўдыторыю з супрацоўнікаў рэгіянальных музеяў і навуковых устаноў Беларусі да яго вырашэння. Дзеля захавання беларускай барочнай спадчыны неабходна распрацоўка лакальных і агульнаеўрапейскіх турыстычных маршрутаў.

Турыстычная дзейнасць можа даць сродкі на адбудову і захаванне ў належным стане помнікаў архітэктуры. Яскравым прыкладам з’яўляецца першы барочны касцёл у Беларусі – касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Дзякуючы статусу помніка Юнэска – ён прыцягальны для турыстаў і кожны год яго роспісамі любуецца некалькі сотняў тысяч чалавек. Выключэннем ня сталі і нашыя польскія калегі, уражаныя захаванасцю ў касцёле 52 фрэсак ХVIII стагоддзя. Аб неабходнасці выкарыстоўвання для папулярызацыі турыстычных маршрутаў методыкі і новых тэхналогій на семінары распавядаў Гжэгаж Заянчкоўскі. Прыклады выкарыстоўвання 3D мадэляваляння ў музейнай дзейнасці зацікавілі удзельнікаў семінара. Такім чынам, дзякуючы новым тэхналогіям, можна вырашыць праблему папулярызацыі малой радзімы ў глабальным сусвеце і прыцягнуць увагу турыстаў. З напрацоўкамі фарміравання турыстычнага маршрута “Пярліны сакральнай архітэктуры” падзяліўся Андрэй Мікалаевіч Янушкевіч.

Агульнай мэтай праекта з'яўляецца супрацоўніцтва польскіх і беларускіх музейных і навуковых устаноў для прасоўвання і захавання культурнай спадчыны шляхам выкарыстання аб'ядноўваючай ролі Еўрапейскага культурнага маршрута «Via Regia».