Выстава «Вялікая і забытая…»

25.09.2014

Выстава «Вялікая і забытая…»,
прысвечаная 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны

У гэтым годзе, 28 ліпеня, споўнілася 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны, трагічнай падзеі ў гісторыі чалавецтва, якая, так ці інакш, адбілася на лёсе ўсіх народаў планеты.

Першая сусветная, другая айчынная, нарэшце, рабаўніцкая імперыялістычная... У чарадзе эпітэтаў у дачыненні да вайны, на парозе якой апынуўся свет 100 гадоў таму, самым дакладным усё ж будзе - забытая. Вялікая і забытая ...

Менавіта такую назву атрымала экспазіцыя, якая размесціцца ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля XVI-XIX стст. у Нясвіжы.

Гэта сумесны праект ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, групы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Рубеж» (г. Брэст) і калекцыянера У.А. Багданава.

Любая вайна - гэта трагедыя, і гэтая вайна стала катастрофай для беларускіх зямель, якія апынуліся ў эпіцэнтры гэтай вайны на тры доўгія гады. Каля васьмісот тысяч нашых суайчыннікаў былі мабілізаваны ў дзеючую армію, кожны восьмы з іх загінуў на гэтай вайне. З 1915 па 1918 год праз нашу краіну праходзіла лінія Расійска-Германскага фронту. Перад гэтым ужо ў 1914 годзе з'явіліся першыя бежанцы, якія адыходзілі з тэрыторыі Рускай Польшчы. Кампанія па высяленню ўглыб Расійскай імперыі закранула і Нясвіж.

На праекце «Вялікая і забытая…» прадстаўлены прадметы, якія распавядаюць аб розных аспектах Першай сусветнай вайны, таксама тут вы зможаце даведацца, як складаўся лёс замка Радзівілаў у Нясвіжы ў тыя далёкія гады.

Экспанаты выставы - зброя, баявыя ўзнагароды, уніформа краін-удзельніц, прадметы ваеннага побыту, якія належалі салдатам, паштоўкі і многае іншае. На выставе таксама прадстаўлены вырабленыя з ужываннем сучасных тэхналогій дакладныя копіі і арыгіналы фатаграфій перыяду Першай сусветнай вайны.

Выстава пройдзе ў Вялікай выставачнай зале палаца з 3 кастрычніка 2014 г. па 18 студзеня 2015 г.

Цэны білетаў:
- уваходны білет на выставу - 20 000 бел. руб.
- экскурсійнае абслугоўванне - 28 000 бел. руб.
- музейны занятак - 28 000 бел. руб.