• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Круглы стол “Першая сусветная вайна. Нясвіжчына. Радзівілы”

Круглы стол “Першая сусветная вайна. Нясвіжчына. Радзівілы”

06.10.2014

3 кастрычніка 2014 г. у ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” прайшоў круглы стол “Першая сусветная вайна. Нясвіжчына. Радзівілы”, у працы якога прынялі ўдзел даследчыкі-архівісты Беларусі і Расіі, супрацоўнікі музея-запаведніка. У якасці гасцей прысутнічалі сябры ваенна-гістарычнага клуба “Рубеж”, якія займаюцца вывучэннем і рэканструкцыяй падзей Першай сусветнай.

Круглы стол распачаў цыкл мерапрыемстваў прысвечаных 100-годдзю ад пачатку Вялікай еўрапейскай вайны. У гэты ж дзень у ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” адкрылася выстава “Вялікая і забытая”, на якой прадстаўлены элементы рыштунку, узбраенне, фотаздымкі, дакументы часоў Першай сусветнай. На чарзе правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і студэнтаў, музейныя заняткі і лекцыі і, канешне ж, экскурсіі.

Намеснік па навуковай рабоце дырэктара ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” Яцкевіч З. Л., выступаючы з прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала, падкрэсліў важнасць вывучэння падзей стогадовай даўніны, якія непасрэдна закранулі Беларусь.

Галоўны архівіст Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва Карпееў І. С., сумесна з Яцкевічам З. Л., падрыхтаваў агляд “Архіўныя крыніцы па гісторыі Нясвіжчыны ў гады Першай сусветнай вайны ў фондах РДВГА і НГАБ”. Быў агучаны шэраг дакументаў, якія датычацца малавядомых старонак гісторыі, і дагэтуль не ўведзены ў навуковы зварот: паслужны фармуляр афіцэра кавалерыі князя Станіслава Радзівіла; вытрымкі з “Журнала баявых дзеянняў” 4-га грэнадзёрскага Нясвіжскага палка, які ваяваў недалёка ад аднайменнага горада; загады аб арганізацыі супрацьпаветранай абароны Нясвіжа і чыгуначных станцый у 1916 г.

Малодшы навуковы супрацоўнік ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” Блінец А. У. у сваім выступе распавёў аб жыцці прыфрантавога Нясвіжа ў 1915-1918 гг. Даклад пабудаваны на разнастайных крыніцах: мемуары, даследванні, архіўныя дакументы, краязнаўчыя работы і дазваляе скласці ўяўленне аб падзеях, якія адбываліся ў заштатным горадзе Мінскай губерніі.

Астатнія паведамленні таксама былі прысвечаны Нясвіжу і яго ваколіцам. Трэба адзначыць, што яны грунтаваліся на раней невядомых архіўных крыніцах і выклікалі вялікую цікавасць у прысутных. Так, у дакладзе галоўнага архівіста НГАБ Снапкоўскага Ю. М. “Дабрачыннасць у Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў у гады Першай сусветнай” распавядалася пра дзейнасць у палацы шпіталя для раненых вайскоўцаў, пра збор сродкаў для пацярпелых ад вайны і іншыя праявы чалавечнасці ў той складаны час.
Першая сусветная вайна адзначылася маштабным выкарыстаннем авіяцыі. Паветраныя баі і бамбардіроўкі не абмінулі тэрыторыю сённяшняй Нясвіжчыны. Пра гэта падрабязна расказаў вядучы навуковы супрацоўнік НГАБ М. А. Крывіцкі у сваім дакладзе “Наступствы нямецкіх авіяналётаў на тэрыторыі Навагрудскага і Слуцкага паветаў у 1916 г.”.

Сур’ёзную і малавывучаную тэму закрануў вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва С. М. Рындзін у дакладзе “Дэпартацыя германскіх і аўстра-венгерскіх падданых з Нясвіжа ў гады Першай сусветнай вайны”. Дзякуючы прыведзеным статыстычным звесткам і разбору канкрэтных спраў высланых, паўстала карціна няпростых лёсаў людзей, якія ўсё жыццё пражылі ў Беларусі, але не пазбеглі высылкі, як неблаганадзейныя элементы.

Напрыканцы быў зачытаны даклад старшага навуковага супрацоўніка БелНДІДАС С. С. Рудовіча “Вайна і рэвалюцыя без гераізацыі. На прыкладзе трагікамічных падзей 1917 г. у Мірскім замку” у якім распавядалася пра пагром учынены ў Міры салдатамі рускай арміі і яго наступствы.

Кожнае паведамленне суправаджалася абменам меркаваннямі, пытаннямі, што было карысным і для дакладчыкаў, і для прысутных. Па выніках работы была зроблена выснова, што гэта мерапрыемства дазволіла часткова ліквідаваць некаторыя “белыя плямы” ў вывучэнні падзей стогадовай даўніны, аднак, каб Першая сусветная вайна для нас перастала быць “забытай”, даследчыкам – архівістам, гісторыкам, краязнаўцам – яшчэ трэба нямала працаваць.