Выстава «Крокі па зямлі»

06.11.2014

24 кастрычніка ў галерэі інфармацыйна-касавага цэнтра ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» адкрылася выстава вядомага беларускага фотамастака Віктара Суглоба «Крокі па зямлі». Віктар Пятровіч нарадзіўся ў Гомельскай вобласці, але ўжо працяглы час жыве і працуе ў Мінску. Прафесійна звязаны з фатаграфіяй больш за 40 гадоў. Улюбёнымі жанрамі заўсёды заставаліся пейзажы. Пераспрабаваўшы многія метады работы і тэхналогіі ў фатаграфіі, застаецца прыхільнікам традыцыйнай выявы, не падвергнутай занадта прыкметным зменам за кошт выкарыстання камп’ютара. 

У экспазіцыі прадстаўлена 22 шырокафарматных здымка беларускіх пейзажаў. Разнастайнасць айчынных ландшафтаў, унікальнасць флоры і фауны Беларусі знаходзяцца ў фокусе фотаапарата Суглоба. Незвычайна кантрастныя каляровыя рашэнні асобных здымкаў суседнічаюць з далікатнымі, амаль манахромнымі краявідамі.

Выстава будзе доўжыцца да 24 лістапада.