ІІ навуковыя чытанні памяці прафесара В. Рабцэвіча

01.12.2014

Імя Валянціна Навумавіча Рабцэвіча (1934 – 2008) добра вядома не толькі айчынным нумізматам, але і далёка за межамі нашай краіны. Менавіта ён у свой час унёс найбольшы ўклад у вывучэнне грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі. На аснове ягонай уласнай калекцыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце быў створаны нумізматычны кабінет, які дзейнічае і сёння. Навукова-папулярная кніга В. Рабцэвіча «О чём рассказывают монеты» доўгі час была найбольш даступнай і надзейнай крыніцай звестак для ўсіх, хто далучаўся да збірання манет. У памяць аб таленавітым выкладчыку, навукоўцу, скарбашукальніку, у добрым сэнсе гэтага слова, на гістарычным факультэце БДУ сёлета былі арганізаваны ІІ навуковыя чытанні, на якія прыехала звыш 50 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы. Сярод іх не толькі выкладчыкі ВНУ, навукоўцы і супрацоўнікі музеяў, але і калекцыянеры-нумізматы.

26 – 27 лістапада чытанні праходзілі непасрэдна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску, а 28 лістапада іх удзельнікаў прынялі ў ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Даследчыкі музейнай справы ведаюць, што менавіта ў Нясвіжскім палацы князёў Радзівілаў у XVI ст. пачала фарміравацца адна з першых у Беларусі калекцый манет і медалёў. З цягам часу яна стала яшчэ і найбуйнейшай. Сёння супрацоўнікі музея-запаведніка працягваюць традыцыі збіральніцтва і вывучэння помнікаў нумізматыкі і фалерыстыкі. Натуральна, нясвіжскія музейшчыкі зацікаўлены ў тым, каб больш ведаць пра гісторыю грашовага абарачэння, абменьвацца карыснай інфармацыяй і новымі звесткамі. Таму сёлета дырэктар музея-запаведніка Сяргей Міхайлавіч Клімаў, яго намеснік па навуковай частцы Зміцер Лявонцьевіч Яцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Марына Анатольеўна Вайтовіч увайшлі ў склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні чытанняў, а паседжанне адной з секцый адбылося ў Тэатральнай зале радзівілаўскага палаца.

Для візіта ў Нясвіж была і яшчэ адна нагода. Якраз напярэдадні ІІ навуковых чытанняў убачыў свет “Каталог радзівілаўскіх медалёў са збораў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, падрыхтаваны малодшым навуковым супрацоўнікам фондавага аддзела Ганнай Быль. Каталог утрымлівае звесткі пра 22 медалі прысвечаных прадстаўнікам рода Радзівілаў, якія захоўваюцца ў фондах, акрамя таго, змяшчае кароткі нарыс гісторыі манетна-медальных калекцый Радзівілаў. Прэзентацыя выдання адбылася перад пачаткам работы секцыі, а ўсе удзельнікі чытанняў атрымалі яго ў падарунак. Ганна Быль распавяла пра працу над каталогам, лёс радзівілаўскіх збораў, адказала на пытанні прысутных. Тут жа прагучалі і першыя ацэнкі выдання.

Спецыялісты адзначылі яго ўзровень, актуальнасць і выказалі пажаданне, каб каталог стаў першай прыступкай у вывучэнні калекцыйнай спадчыны радзівілаўскага дому. У прыватнасці прагучалі пажаданні зрабіць нешта падобнае датычна манет.
У сваю чаргу падарунак ад прысутных атрымаў і музей-запаведнік. Сябра праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства Ілля Шталенкоў уручыў яго дырэктару зборнік “Radziwiłłowie” – машынапіс невядомага аўтара сярэдзіны ХХ ст. у якім сабраны звесткі пра прадстаўнікоў роду ад легендарных часоў да канца XVIII ст. С. М. Клімаў падзякаваў дарыцелю і запэўніў яго, што “кніга” будзе старанна вывучана навуковымі супрацоўнікамі.

На самім жа паседжанні быў агучаны шэраг дакладаў расійскіх і беларускіх даследчыкаў прысвечаных нумізматычным і фалерыстычным помнікам у зборах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. На заканчэнне ўдзельнікі падзякавалі гаспадарам за высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і за цікавую экскурсію па экспазіцыі палацавага ансамбля.

Можна спадзявацца, што ў далейшым у Нясвіжы яшчэ неаднойчы збяруцца калекцыянеры, і кожная такая сустрэча будзе праходзіць з узаемнай карысцю.