Выстава “Святло Віфлеемскай зоркі”

25.12.2014

У Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля XVI – XIX стст. у г.Нясвіжы з 25 снежня па 20 студзеня праходзіць выстава “Святло Віфлеемскай зоркі” з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.

На выставе экспануюцца батлейкі, заходнееўрапейскія гравюры XIX ст., абразы, паштоўкі і іншыя экспанаты, якія дапамогуць аднавіць атмасферу мяжы XIX – ХХ стагоддзяў.

Наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з прадметамі, якія адлюстроўваюць асаблівасці святкавання Калядаў на нашых землях, дзе гістарычна існавалі некалькі галін хрысціянства.

Выстава разлічана на розныя ўзроставыя катэгорыі і будзе аднолькава цікавая як дарослай аўдыторыі, так і дзіцячай. Гэта будзе заахвочвальным матывам звярнуцца да гісторыі хрысціянства, традыцый святкавання Калядаў на Беларусі, а таксама да агульначалавечых каштоўнасцяў і вечных праблем дабра і зла.