Выстава “Роздум і мроі”

29.01.2015

     Сяргей Пыжыкаў адзін з найбольш арыгінальных сучасных беларускіх мастакоў. Дызайнер паводле адукацыі, выкладчык БНТУ, чалавек які вольны час прысвячае вандроўкам па мясцінах, некранутых поступам цывілізацыі, фатограф і рамантык-філосаф, ён з дзяцінства марыў стаць мастаком. Хоць і ў даволі сталым узросце гэта мара ўвасобілася ў жыццё.

    З 1989 г. ён рэгулярна ўдзельнічае ў мастацкіх выставах, якія арганізоўваліся ў Расіі, Германіі і, натуральна, у Беларусі. Карціны Сяргея Пыжыкава экспанаваліся ў Мінску, Маладзечна, Слуцку, Крупках, Мірскім замку. А цяпер з яго творчасцю могуць азнаёміцца наведвальнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. 1 лютага 2015 г. тут адкрываецца выстава работ мастака пад назвай “Роздум і мроі”.

    Назва невыпадковая. Карціны С. Пыжыкава – гэта роздум над сусветнымі праблемамі і над тым, якое месца займае чалавек на зямлі. Адначасова, гэта і мроі мастака, у якіх рэальнае пераплецена з фантастычным. Сам аўтар гаворыць, што яго карціны “…вядуць гледача ў невядомую далячынь, дзе няма месца для мітуслівых думак, але ёсць магчымасць спасцігнуць нешта невядомае, што хаваецца ў прыродзе і ў нас саміх”.

   Амаль усе карціны выкананы ў жанры пейзажа, але пейзаж гэты вельмі разнастайны: ад краявідаў роднай прыроды да фантастычных інапланетных ландшафтаў. Асноўнымі элементамі кампазіцый з’яўляюцца стыхіі-сімвалы: неба, зямля, вада, агонь, аблокі. Метафары, якія выкарыстоўвае мастак, ёмкія і шматзначныя: дрэвы перацякаюць адно ў адно; вогненная лава трансфармуецца ў ствол дрэва, які падымаецца ў нябёсы; аблокі выступаюць як мост паміж небам і зямлёй. Кожнае палатно выклікае шэраг асацыяцый, праз якія перадаецца асноўная ідэя твора. Пры гэтым зачастую ў розных гледачоў вынікаюць розныя асацыяцыі, якія значна адрозніваюцца ад першаснай задумы аўтара.

     Якія асацыяцыі карціны “рамантыка-філосафа” выклічуць у вас? Да якіх роздумаў і мрояў яны падштурхнуць? Каб адказаць на гэтыя пытанні дастаткова наведаць Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Выстава работ С. Пыжыкава працуе ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля да 12 красавіка 2015 г.