Выстава “United colors of Belarus”

25.02.2015

З 25 лютага по 10 мая 2015 года ў галерэі сектара экскурсійнай і інфармацыйнай дзейнасці ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” будзе праходзіць выстава Віталя Раковіча “United colors of Belarus”.

Беларусь была і застаецца для фотамастака самым цікавым і любімым месцам для падарожжаў і творчасці. У шматлікіх вандроўках па самых розных кутках былога СССР ён не раз пераконваўся, што кожная мясціна па-свойму прыгожая, але нейкую цеплыню заўсёды адчувае аўтар ад вяртання ў Беларусь, бо яна — непаўторная, і любоў да яе — неад'емная частка нашага “я”, што існуе ў кожным з нас з крывёй продкаў. Таму фотавыстаўка Віталія Раковіча — гэта не толькі гульні з колерам, а яшчэ і невялічкае прызнанне ў любові да сваёй Радзімы.

Аўтар працуе ў стылі неафатаграфікі, дзе выява, створаная пры дапамозе фотаапарата, з’яўляецца толькі асновай для далейшай работы і стварэння закончанага мастацкага твора. Але творы Віталія Раковіча да выстаўкі “United colors of Belarus” зроблены не зусім ва ўласцівай аўтару манеры. На гэты раз фотамастак вырашыў папрацаваць з фарбамі, паэксперыментаваць з настроем, эмоцыямі гледачоў.