Першы том музейнага штогодніка

16.04.2015

Выйшаў першы том зборніка навуковых прац Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” “Acta anniversaria”. Новы штогоднік арыентаваны на гісторыкаў, музеязнаўцаў, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
Зборнік складаецца з пяці раздзелаў: “Артыкулы і даследванні”, “Дакументальная спадчына”, “Музеязнаўства”, “100 гадоў ад пачатку Першай сусветнай вайны”, “Хроніка, інфармацыя”. Аўтары матэрыялаў даследуюць пытанні гісторыі, музеязнаўства, мастацтвазнаўства, празапаграфіі. У навуковы ўжытак упершыню ўводзіцца значная колькаць дакументаў. У прыватнасці, В. Гарбачова друкуе штатны расклад Радзівілаўскай масы 1828 г., І. Карпееў – фрагменты з “Журнала военных действий” 4-га грэнадзёрскага Нясвіжскага палка 1915 г. і шэраг дакументаў штаба 4-й арміі аб баях на Баранавіцкам накірунку ў 1916 г. На добрай дакументальнай аснове падрыхтаваныя артыкулы М. Крывіцкага, Ю. Снапкоўскага і С. Рындзіна прысвечаныя падзеям Першай сусветнай вайны. Артыкул З. Антановіч “Асабісты склад Нясвіжскага мужчынскага дамініканскага кляштара” цалкам грунтуецца на архіўных матэрыялах – фармулярных спісках рымска-каталіцкага духавенства Мінскай дыяцэзіі 1867 г.

         Значная частка публікацый падрыхтавана супрацоўнікамі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Артыкул дырэктара музея С. М. Клімава прысвечаны разгляду гаспадарчага стану маёнтка Завушша ў паслярадзівілаўскі перыяд. Матэрыялы А. Блінца распавядаюць пра падзеі Вялікай Паўночнай і Першай сусветнай войн – Клецкай бітве 1706 г. і становішчу прыфрантавой Нясвіжчыны ў 1915 – 1918 гг. В. Быль піша пра польскі нацыянальны рух у Нясвіжы ў пачатку ХХ ст. У. Караленак распавядае пра трансфармацыю паркавага комплекса Альба ў ХІХ – ХХ стст. С. Чысцякоў – пра гісторыю радзівілаўскай крыпты ў касцёле Божага Цела. Сваім вопытам работы дзеляцца мастак-рэстаўратар В. Ціхінская і старшы навуковы супрацоўнік В. Мазалеўскі. Першая падрабязна расказвае аб рэстаўрацыі гакаўніц – стралковай зброі XVI – XVII стст., другі знаёміць чытачоў з вынікамі ўласных археалагічных назіранняў у гістарычнай частцы Нясвіжа і культурна-адукацыйнай работай, якую праводзіць музей-запаведнік. Загадчык сектара маркетынга К. Рудлеўская расказвае пра тэатралізаваную цырымонію шлюба ў палацы. З. Яцкевіч і К. Міхедава аглядаюць выданні, якія закранаюць радзівілаўскую тэматыку: калектыўнае даследванне польскіх, беларускіх і рускіх навукоўцаў “Гісторыя роду Цеханавецкіх герба Дамброва (XIV – XXI стст.)” і дысертацыю Мацея Сякерскага “Зямельныя ўладанні ў Вялікім Княстве Літоўскім: эканоміка князя Мікалая Крыштапа Радзівіла (1549 – 1616)”.

          Сярод іншых аўтараў, як вядомыя гісторыкі і мастацтвазнаўцы, так і пачаткоўцы-аматары, што робяць першыя крокі на даследчыцкай ніве (публікацыя дакументаў XVI – XVIII стст., падрыхтаваных І. Самковым). Вельмі цікавым даследваннем з’яўляецца артыкул А. Доўнара ў якім разгледжаны асноўныя палажэнні дэкрэта Міхала Казіміра Радзівіла 1758 г. аб мерах супрацьпажарнай бяспекі нясвіжан і перадумовах яго з’яўлення. Тут жа друкаецца і сам дэкрэт, выяўлены ў фондах Варшаўскага архіва старажытных актаў і падрыхтаваны да друку В. Урублеўскім і А. Халюковым. Пытанні атрыбутацыі музейных прадметаў разглядаюцца ў артыкулах І. Сінілы і В. Карпавай (атрыбутацыя партрэтаў Караля Станіслава і Дамініка Гераніма Радзівілаў), у матэрыяле І. Скварцовай, прысвечаным кунтушовым паясам.

          Трэба адзначыць, што “Acta anniversaria” ужо трэцяе выданне ў серыі “Studia Nesvisensia”, запачаткаванай музеем-запаведнікам у мінулым годзе. У гэтай серыі не так даўно ўбачылі свет “Каталог Радзівілаўскіх медалёў: са збораў нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Прыватнаўласніцкія гарады ВКЛ: лёс праз стагоддзі”.