«Марыя Дарота Радзівіл»

15.05.2015

Міжнародны выставачны праект
«Марыя Дарота Радзівіл. Час культурнага адраджэння»

15 мая ў Вялікай Выставачнай зале Палацавага ансамбля адкрыўся міжнародны выставачны праект, прысвечаны 175-годдзю з Дня нараджэння Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл.

Княгіня Марыя Дарота Радзівіл з французскага роду Кастэлянаў па праву належыць да найбольш выдатных асоб найноўшай гісторыі Еўропы. Бліскучая арыстакратка, вядомая грамадская дзяячка, мудры рэфарматар сваіх шматлікіх уладанняў Марыя Дарота ўнесла значны ўклад у культурнае і палітычнае жыццё Францыі, Германіі, Польшчы, Расіі на мяжы XIX-XX стагоддзяў. Натхнёная прагрэсіўнымі ідэямі, яна больш за трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціла аднаўленню і добраўпарадкаванню Нясвіжскага палаца, радавога гнязда Раздівілаў. У гэты час Нясвіж зноў становіцца сталіцай і зонай уплыву зямельнай арыстакратыі Сярэдне-Ўсходняй Еўропы. Сваю місію ў Нясвіжы Марыя Дарота Радзівіл вызначыла так: «... сабраць па меры сіл усе слаўныя ўспаміны і звярнуць тварам да сваёй сапраўднай Радзімы тых членаў роду, якія аддаліліся ад яе, уступіўшы ў шлюбныя саюзы з прускім дваром». З гэтага моманту пачалася эпоха культурнага адраджэння Нясвіжскага палаца і горада. Праз 29 гадоў сумесных намаганняў у мужа і жонкі Радзівіл атрымалася вярнуць былую веліч радавога замка князёў Радзівілаў.

На выставе  прадстаўлены прадметы з калекцыі Мацея Радзівіла (Польшча) і мадам Ніколь Паск'е (Францыя), Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і з прыватнай калекцыі.

Тэл. для даведак: +375 17 70 20602, + 375 29551 80 51 (МТС), + 375 29190 31 49 (Vel)