У Нясвіж за музыкай

24.05.2015

З 26 па 28 чэрвеня ў Нясвіжы ў шосты раз пройдзе штогадовы фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў".

Своеасаблівае падвядзенне творчых вынікаў сезона, цудоўны музычны уікэнд на прыродзе, значная з'ява культурнага жыцця краіны — фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы для Вялікага тэатра і для беларускай публікі стаў па-сапраўднаму доўгачаканай і важнай падзеяй, любімай традыцыяй і крыніцай жыццёвага натхнення.

Штогод у велічным замку беларускіх магнатаў, дзе ў XVIII стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадстаўляе разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм'ерныя.

У гэтым годзе нясвіжскі open-air пачнецца менавіта з канцэрта, які адкрывае новыя старонкі беларускай музычнай гісторыі. Асаблівае месца ў штогадовай праграме фестывалю займае музыка рэлігійнага характару. Канцэрты, якія даследуюць і раскрываюць гэты пласт нацыянальнай спадчыны, праходзяць у адным з найпрыгажэйшых касцёлаў Беларусі — касцёле Божага Цела. Творы кампазітараў Эдварда Гірдо і Антонія Радзівіла, якія будуць гучаць тут 26 чэрвеня (пачатак — 16.00, уваход вольны), цесна звязаныя з гісторыяй гэтага сакральнага месца. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла — магната, палітыка, мецэната, кампазітара – шырока вядомыя, то асоба Гірдо апынулася ў фокусе ўвагі даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела. Сярод велізарнага масіва музычных твораў розных аўтараў былі знойдзеныя рукапісы твораў Эдварда Гірдо. У перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі ён служыў у касцёле арганістам і кіраўніком хору, быў значнай фігурай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства цікавых твораў рэлігійнага і свецкага характару. Менавіта яго творчасць розных жанраў складзе аснову канцэрта, які рыхтуе для адкрыцця фестывалю ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч.

Вечар 26 чэрвеня (пачатак – 21.30) прысвечаны балетнаму мастацтву. На галоўнай фестывальнай сцэне, якая размяшчаецца ва ўнутраным двары замка Радзівілаў, будуць прадстаўлены спектаклі «Жар-птушка» І.Стравінскага і «Шехеразада» М.Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева (дырыжор — заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна ). Беларускія гледачы маюць магчымасць бачыць гэтыя балеты практычна ў першапачатковым выглядзе — такімі, як іх задумаў ў пачатку мінулага стагоддзя вялікі рускі харэограф Міхаіл Фокін. А сцэнаграфія выдатнага мастака, ураджэнца Беларусі Леона Бакста ўзноўлена па ягоных арыгінальных эскізах і малюнках.

Яшчэ адной добрай традыцыяй фестывалю ў Нясвіжы сталі выступленні салістаў оперы ў суправаджэнні струннага квінтэта "Серэнада". Гэты ансамбль, у які ўваходзяць музыканты сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра, мае ў сваім рэпертуары творы розных эпох і жанраў. Новую праграму «Кахання нягучныя словы» з удзелам салісткі оперы Таццяны Траццяк і квінтэта «Серэнада» можна будзе пачуць 27 чэрвеня (пачатак — 15.00, Тэатральная зала замка Радзівілаў).


Увечары 27 чэрвеня (пачатак – 21.30) на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйдуць героі оперы «Паяцы». Прэм'ера самай вядомай оперы Руджеро Леонкавалло адбылася мінулай зімой і адкрыла яшчэ адзін традыцыйны творчы праект Вялікага тэатра Беларусі — Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Гісторыю вандроўнай акцёрскай трупы, у якой узнікае любоўны трохвугольнік, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ перанёс у свет сучаснага тэатра. «Паяцы» — гэта тэатр у тэатры. Героі оперы вымушаныя паказваць на сцэне ўсё тое, што перажываюць у жыцці. Тут камедыя на падмостках і сапраўдная драма жыцця сплецены так, што самі акцёры ўжо не ведаюць, дзе гульня, а дзе рэальнасць. Дырыжыраваць музычнай драмай Леанкавала ў Нясвіжы будзе запрошаны маэстра — народны артыст Азербайджана Ялчын Адыгезалаў.

28 чэрвеня (пачатак — 15.00) у тэатральнай зале замка Радзівілаў упершыню ў Нясвіжы будуць паказаныя дзве прэм'ерныя пастаноўкі тэатра, якія ўбачылі святло рампы ў гэтым тэатральным сезоне: «Служанка-паненка» і «Капельмайстар» віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Даменіка Чымарозы. Гэтыя кампазітары ўвайшлі ў гісторыю як майстры оперы-buffa, вясёлага музычна-тэатральнага жанру, для якога характэрныя невялікі маштаб прадстаўлення, рухомасць дзеяння і пацешныя, часта парадыйныя, сюжэты. «Служанка-паненка» Дж. Пергалезі і «Капельмайстар» Д. Чымарозы — адны з самых яркіх твораў у сваім жанры, якія спалучаюць лёгкасць і прыгажосць музычнай мовы з бліскучым італьянскім гумарам. Дырыжор — Андрэй Іваноў.

Яркім завяршэннем трохдзённага музычнага свята ў замку Радзівілаў стане грандыёзны гала-канцэрт «Вялікай Перамозе прысвячаем» Ён працягне творчы марафон Вялікага тэатра Беларусі да 70-годдзя вызвалення нашай краіны, у рамках якога ў маі мінскай публіцы ўжо былі прадстаўлены выстаўка, якая расказвае пра ваенныя старонках жыцця тэатра, і канцэртная праграма «Лісты з фронту», таксама прымеркаваная да Дня Перамогі.

28 чэрвеня ў Нясвіжы лепшыя і любімыя песні ваенных і пасляваенных гадоў аб веры і надзеі, гераізме і ахвярнасці, мужнасці і патрыятызме выканаюць зоркі Вялікага тэатра: народныя артысты Васіль Кавальчук, Уладзімір Пятроў, Сяргей Франкоўскі; заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кеда, Алег Мельнікаў, Анастасія Масквіна, Станіслаў Трыфанаў, Ніна Шарубіна; лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна, Таццяна Гаўрылава, Аляксандр Гелах, Кацярына Галаўлёва, Юрый Гарадзецкі, Ганна Гур'ева, Марта Данусевіч, Алена Золава, Дзмітрый Капилов, Аляксандр Краснадубскі, Віктар Мендзелеў, Васіль Мінгалёў, Алена Сало, Дзмітрый Сівакоў, Алена Таболіч, Аксана Якушэвіч, салісты Сяргей Лазарэвіч і Міхаіл Пузанаў.

Сола на акардэоне — Дзмітрый Корсак, сола на гітары — Віталь Дубовік. У канцэртнай праграме «Вялікай Перамозе прысвячаем» таксама прымаюць удзел: артысты і салісты балета – народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Дзятко, Іван Савянкоў; харавы калектыў пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч і сімфанічны аркестр Вялікага тэатра. Дырыжор — Андрэй Іваноў, рэжысёр – Дар'я Пататурка.