• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Канферэнцыя прысвечаная юбілею Мікалая Радзівіла Чорнага

Канферэнцыя прысвечаная юбілею Мікалая Радзівіла Чорнага

30.05.2015

28 – 29 мая ў Нясвіжскім палацы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя прысвечаная асобе і дзейнасці Мікалая Радзівіла Чорнага – палітыка, дыпламата, мецэната. Дата правядзення канферэнцыі абрана невыпадкова. Сёлета адзначаюцца 500-тыя ўгодкі з дня нараджэння будучага канцлера Вялікага Княства Літоўскага. А 450 гадоў таму, у ноч з 28 на 29 мая 1565 г. Мікалай Радзівіл пайшоў з жыцця.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел больш за два дзесяткі даследчыкаў – гісторыкі, мастацтвазнаўцы, архівісты, філолагі. Гэта дазволіла разгледзець постаць Мікалая Радзівіла Чорнага і яго ролю ў гісторыі ВКЛ з розных, часам нечаканых, ракурсаў.

Тон канферэнцыі быў зададзены самым першым дакладам доктара гістарычных навук, прафесара Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Канстанціна Ерусалімскага “Князь Андрэй Курбскі і Радзівілы. Да гісторыі праекта ўсходнееўрапейскай уніі сяр. XVI ст.”, у якім быў узняты шэраг спрэчных пытанняў. Значную цікавасць выклікалі паведамленні прафесара БДУ Вольгі Бажэнавай аб іканаграфіі Мікалай Радзівіла Чорнага ў XVIIIст.; кандыдата гістарычных навук Андрэя Янушкевіча аб поглядах М. Радзівіла на знешнюю палітыку Вялікага Княства; кандыдата гістарычных навук Анастасіі Скеп’ян аб выбары рэзідэнцыі паміж Клецкам і Нясвіжам. З грунтоўным паведамленнем прысвечаным геральдыцы і сфрагістыцы Мікалая Радзівіла Чорнага выступіў кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда.

Акрамя таго многія дакладчыкі закраналі постаці асоб, якія жылі ў сярэдзіне XVIст. і ўваходзілі ў бліжэйшае атачэнне “некаранаванага караля Літвы” – Сымона Буднага, Гераніма Макавецкага і іншых. Такі падыход дазволіў больш поўна прадставіць эпоху Мікалая Радзівіла, зразумець яго ўплыў на грамадства.

Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваны асобным выданнем.