• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • У шосты раз прайшоў штогадовы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў палацы Радзівілаў”

У шосты раз прайшоў штогадовы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў палацы Радзівілаў”

29.06.2015

З 26 да 28 чэрвеня ў Нясвіжы ў шосты раз прайшоў штогадовы фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў палацы Радзівілаў”.

Сваеасаблівае падвядзенне творчых вынікаў сезона, выдатны музычны уікэнд на прыродзе, адметная з’ява культурнага жыцця краіны – фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы для Вялікага тэатра і беларускай публікі стаў па-сапраўднаму доўгачаканай і важнай падзеяй, традыцыяй і крыніцай жыццёвага натхнення.

Штогод у велічным палацы беларускіх магнатаў, дзе ў XVIIІ ст. узнік айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадстаўляе разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм’ерныя.
Сёлета нясвіжскі open-air пачаўся менавіта з канцэрта, які адкрывае новыя старонкі беларускай музычнай гісторыі. Асаблівае месца ў штогадовай праграме фестываля займае музыка рэлігійнага характара. Канцэрты, якія даследуюць і раскрываюць гэты пласт нацыянальнай спадчыны, праходзяць у адным з прыгажэйшых касцёлаў Беларусі – касцёле Божага Цела. Творы кампазітараў Эдварда Гірдо і Антонія Радзівіла, якія гучалі тут 26 чэрвеня, цесна звязаны з гісторыяй гэтага сакральнага месца. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла – магната, палітыка, мецэната, кампазітара – шырока вядомы, то асоба Гірдо апынулася ў фокусе ўвагі даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела.

Сярод вялікага масіва музычных твораў розных аўтараў былі знойдзены рукапісы Эдварда Гірдо. У перыяд паміж двумя сусветнымі войнамі ён служыў у касцёле арганістам і кіраўніком хора, быў значнай асобай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства цікавейшых твораў рэлігійнага і свецкага характара. Менавіта яго творы розных жанраў склалалі аснову “Канцэрта харавой музыкі”, які падрыхтаваў для адкрыцця фестываля ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормейстра тэатра Народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч.

Вечар 26 чэрвеня прысвечаны белетнаму мастацтву. На галоўнай фестывальнай сцэне, якая размешчана ва ўнутраным двары замка Радзівілаў, былі прадстаўлены спектаклі “Жар-птушка” І. Стравінскага і “Шахерэзада” М. Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных “Рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева. Беларускія гледачы маглі бачыць гэтыя балеты практычна ў першасным выглядзе – такімі, як іх задумаў у пачатку мінулага стагоддзя вялікі рускі харэограф Міхаіл Фокін. А сцэнаграфія выдатнага мастака, ураджэнца Беларусі Лявона Бакста адноўлена па яго арыгінальных эскізах і малюнках.

Яшчэ адной добрай традыцыяй фестываля ў Нясвіжы сталі выступленні салістаў оперы ў суправаджэнні струннага квінтэта “Серэнада”. Гэты ансамбль, у які ўваходзяць музыканты сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра, мае ў сваім рэпертуары творы розных эпох і жанраў. Новую праграму “Кахання нягучныя словы” з удзелам салісткі оперы, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны Трэцяк і квінтэта”Серэнада” пачулі 27 чэрвеня.

Вечарам 27 чэрвеня на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйшлі героі оперы “Паяцы”. Прэм’ера самай вядомай оперы Руджэра Леанкавала адбылася мінулай зімой і распачала яшчэ адзін традыцыйны творчы праект Вялікага тэатра Беларусі – Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Гісторыю вандроўнай акцёрскай трупы, у якой нараджаецца любоўны трохкутнік, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ перанёс у свет сучаснага тэатра. “Паяцы” – гэта тэатр у тэатры. Героі оперы вымужаны ўдаваць на сцэне ўсё, што перажываюць у жыцці. Тут камедыя на падмостках і сапраўдная драма жыцця сплецены так, што самі акцёры ўжо не ведаюць дзе гульня, а дзе рэальнасць. Дырыжыраваў музычнай драмай Леанкавала ў Нясвіжы запрошаны маэстра – народны артыст Азербайджана Ялчын Адзігезалаў.

28 чэрвеня ў тэатральнай зале палаца Радзівілаў упершыню ў Нясвіжы былі паказаны дзве прэм’ерныя пастаноўкі тэатра, якія ўбачылі святло рампы ў сёлетнім тэатральным сезоне: “Служанка-паненка” і “Капельмейстар” віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Дамініка Чымарозы. Гэтыя кампазітары ўвайшлі ў гісторыю як майстры оперы-buffa, вясёлага музычна-тэатральнага жанра, для якога ўласцівы невялікі маштаб пастаноўкі, жвавае дзеянне і вясёлыя, зачастую парадыйныя, сюжэты. “Служанка-паненка” Дж. Пергалезі і “Капельмейстр” Д. Чымарозы – адны з самых яскравых твораў у сваім жанры, якія спалучаюць лёгкасць і прыгажосць музычнай мовы з іскрыстым італьянскім гумарам. Дырыжор – Андрэй Іваноў.

Яскравым завяршэннем трохдзённага музычнага фестываля ў замку Радзівілаў 28 чэрвеня стаў грандыёзны канцэрт зорак опернага і балетнага мастацтва, які калектыў тэатра прысвяціў 70-годдзю Вялікай Перамогі. У тэатралізаваным прадстаўленні артысты балета выканалі харэаграфію Міхаіла Фокіна, Расціслава Захарава, Уладзіміра Васільева, Валянціна Елізар’ева. У праграме канцэрта фрагменты з балетаў “Анюта”, “Шапеніана”, “Спартак”, “Стварэнне свету”, “Тарас Бульба”.

Першае аддзяленне канцэрта завяршылася балетам “Балеро” Марыса Равеля, галоўныя партыі ў якім выканалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь марына Вежнавец і Антон Краўчанка.

У гала-канцэрце “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” тэатр прапанаваў гледачам розных пакаленняў згадаць папулярныя і любімыя усімі песні і спець іх разам з опернымі зоркамі. Лепшыя і любімыя песні ваеных і пасляваенных гадоў пра веру і надзею, гераізм і ахвярнасць, мужнасць і патрыятызм, сярод якіх “Кацюша”, “Цёмная ноч”, “Смуглянка”, “Жураўлі”, “Даваенны вальс”, “На безымяннай вышыні”, “На полі танкі грукаталі”, “Сіняя хусцінка”, “Тры танкіста”, “Дарога на Берлін”, “Балада пра маці”, “Дзень Перамогі”… Скончыўся канцэрт святочным фейерверкам над Нясвіжам. Рэжысёры-пастаноўшчыкі канцэрта – Міхаіл Панджавідзэ, Дар’я Пататурка, дырыжор – Андрэй Іваноў.