Круглы стол прысвечаны Радзівілаўскай генеалогіі

17.09.2015

17 верасня ў палацавым ансамблі музея-запаведніка “Нясвіж” прайшоў міжнародны круглы стол “Генеалогія роду Радзівілаў XV – XXI стст: праблемы вывучэння, здабыткі і перспектывы”. Удзел у мерапрыемстве прынялі звыш 20 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы. Сярод іхгісторыкі, архівісты, спецыялісты ў галіне генеалогіі і геральдыкі, краязнаўцы і музейныя работнікі.

Падчас работы круглага стала было заслухана і абмеркавана 8 дакладаў, прысвечаных гістарыяграфіі генеалогіі роду Радзівілаў, аналізу крыніц для вывучэння біяграфістыкі яго прадстаўнікоў і асобным лініям радзівілаўскага дому.

Пасля вітальных словаў намесніка дырэктара Польскага інстытута ў Мінску Тамаша Адамскага, дырэктара Музея земляробства імя кс. Крыштофа Клюка ў Цеханоўцы (Польшча) Дароты Лапяк, і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Зміцера Лявонцьевіча Яцкевіча, з  асноўным дакладам па першаму пытанню выступіў загадчык сектара спецыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай работы НАН Беларусі А. І. Шаланда, які прааналізаваў сённяшні стан даследаванняў генеалогіі Радзівілаў, адзначыўшы, што нягледзячы на значны даробак ў гэтым кірунку працам айчынных аўтараў бракуе комплекснасці, публікацыі раскіданы па часопісах і зборніках і пакуль што не аб’яднаны ў грунтоўныя манаграфіі. Ад’юнкт Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча) Г.М. Семянчук распавёў пра ўнікальны фонд Зыгмунта Пуслоўскага, e якім сярод іншага знаходзяцца генеалагічныя табліцы роду Радзівілаў. Гэты багацейшы фонд захоўваецца ў Кракаўскім архіве, пакуль нікім не вывучаўся і хавае нямала адкрыццяў. Аб развіцці легенды аб паходжанні Радзівілаў у кантэксце родавых легенд арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага XVI – XVII стст распавёў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Яўген Станіслававіч Глінскі.

 Цікавым было выступленне супрацоўніка Музея земляробства імя Крыштофа Клюка ў Цеханоўцы (Польшча) Д. Тамашэўскага, які распавёў пра дакументы, звязаныя з родам Радзівілаў, што захоўваюцца ў фондах гэтай установы. Дацэнт гістарычнага факультэта БДУ В. В. Гарбачова прысвяціла свой даклад аналізу ўспамінаў Радзівілаў XVI – XX стст. У іх утрымліваецца значная колькасць звестак па генеалогіі і біяграфістыцы. Некаторыя крыніцы, як напрыклад “Дыярыуш” вялікага гетмана Януша Радзівіла за 1649 – 1652 гг. і “Дыярыуш” канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла, напісаны напачатку XVIII ст., дагэтуль не апублікаваны. Пры гэтым было падкрэслена, што падрыхтоўкай і публікацыяй падобнага кшталту дакументаў павінны займацца прафесійныя гісторыкі, якія валодаюць неабходнымі ведамі і ўсведамляюць усю важнасць работы з першакрыніцамі. Аматарскія публікацыі, нават зробленыя з самымі добрымі намерамі, могуць прывесці да тыражыравання памылак і недакладнасцяў. З цікавасцю было ўспрынята прысутнымі паведамленне дырэктара Музея замкавы комплекс “Мір” В. М. Папко аб сваяцкіх сувязях княжацкіх фамілій Радзівілаў і Клары-Алдрынгенаў у ХІХ ст.

У дыскусіях і абмеркаваннях, якія адбываліся пасля кожнага даклада, быў агучаны шэраг прапаноў і вызначаны накірункі далейшай дзейнасці. Аўтар 4 тамоў біяграфій ураднікаў Мінскага ваяводства Ф. В. Чарняўскі, вядучы палеограф НГАБ Г. М. Брэгер параілі займацца не толькі радаводамі прадстаўнікоў магнатэрыі, але шырэй даследаваць генеалогію шляхецкіх родаў. Супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі С. А. Рыбчонак звярнуў увагу на тое, што праца ў айчынных архівах можа прыносіць самыя нечаканыя знаходкі. Адной з іх стаў выяўлены ім радавод Радзівілаў, складзены ў першай чвэрці XVII ст. Г. М. Семянчук адзначыў, што ў сённяшніх умовах варта шырэй выкарыстоўваць дасягненні сучаснай навукі, у прыватнасці, праводзіць аналіз ДНК рэштак пахаваных Радзівілаў, што дапаможа праясніць некаторыя старонкі іх біяграфій. Амаль усе прысутныя гаварылі пра неабходнасць складання адмысловай бібліяграфіі на сайце музея-запаведніка і большай каардынацыі дзеянняў навукова-даследчых устаноў.

Варта адзначыць, што істотную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні круглага стала аказалі Польскі інстытут у Мінску, а таксама Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У дар музею-запаведніку былі перададзеныя кнігі “Ураднікі Менскага ваяводства”, (падараваныя самім аўтарам Ф.В. Чарняўскім). Апроч таго, з нагоды круглай стала даўнія даследчыкі роду Радзівілаў таксама перадалі свае падарункі: Адам Мальдзіс папоўніў зборы музея выданнем “Дом Радзівілаў” Станіслава Мацкевіча, а Анджэй Цэханавецкі - кнігай “Гісторыя сям’і Цэханавецкіх гербу Дамброва (XIV-XXI стст)” пад рэд. А. Рахубы.

Матэрыялы круглага стала “Генеалогія роду Радзівілаў XV – XXI стст: праблемы вывучэння, здабыткі і перспектывы” будуць змешчаны ў штогодніку музея-запаведніка “Нясвіж” “Actaanniversaria”, другі том якога рыхтуецца да друку.