• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Адбыўся першы гістарычны тэатралізаваны Квэст "Дванаццаць апосталаў"

Адбыўся першы гістарычны тэатралізаваны Квэст "Дванаццаць апосталаў"

28.09.2015

Музей-запаведнік “Нясвіж”, Музычны Дом “Класіка” (#MuzzicDom) і кампанія Shukaj.by 26 верасня 2015 года правялі Першы гістарычны тэатралізаваны Квэст “12 апосталаў” у Нясвіжскім палацы Радзівілаў.

У Квэст згуляла больш за 70 каманд, усяго каля 300 чалавек.

Палац прыадкрыў свае таямніцы для кожнага ўдзельніка гульні. Квэстаўцы пад час праходжання ўзроўняў і заданняў зазірнулі ў сутарэнні, пабывалі на вежы палаца, у падземных хадах пад валамі, якімі абнесены палац, на саміх валах, з якіх адкрываецца шыкоўны далягляд, зазірнулі ў пакоі, якія пакуль закрытыя для экскурсійных тураў.

Квэст задуманы нездарма. Час не стаіць на месцы, і сфера турыстычнага абслугоўвання патрабуе сучаснага падыходу. Па прыкладу найлепшых еўрапейскіх музеяў, палац Радзівілаў разам з Музычным Домам “Класіка” і кампаніяй Shukaj.By прапанавалі наведвальніку альтэрнатыўны спосаб вывучэння гісторыі роду Радзівілаў і пазнання палацавага комплексу. Дарэчы, нават падчас Першага квэсту ўжо можна было карыстацца мабільным дастасаваннем гульні, дадаткова атрымліваць падказкі і адсочваць ход падзей праз сайт кампаніі стваральнікаў квэста shukaj.by. З’явіўся выбар: пайсці экскурсійным маршрутам, паслухаць расказы экскурсавода, паглядзець, сфатаграваць і задаць пытанні або самастойна здабыць новыя веды ў форме гульні, выконваючы заданні ад сапраўдных Радзівілаў, перамяшчаючыся ў часе і прасторы разам з непасрэднымі героямі нашай гісторыі.

Гісторыя роду Радзівілаў і іх рэзідэнцыі ў Квэсце схаваная ў легендах і гісторыях, цэнтральная з якіх - таямніца дванаццаці апосталаў, пра якія вядома, быццам яны былі схаваныя Дамінікам Радзівілам падчас вайны 1812 года.. Але па сённяшні дзень разгадаць загадку, як яны выглядалі, куды падзеліся – немагчыма. Квэстаўцы вывучаюць палацавы комплекс, выконваючы заданні галоўных герояў гульні – прывідаў Радзівілаў: Пане Каханку, Рыбанькі, Марыі Дароты дэ Кастэлян, Дамініка - рэальных асоб гісторыі Беларусі, якія тым ці іншым чынам былі звязаныя з гісторыяй статуй дванаццаці апосталаў.

Унікальнай неспадзяванкай для гульцоў стала тэатралізаваная і музычная частка Квэста. Таксама квэстаўцы падчас гульні сустракаюцца з вядомымі акторамі тэатра і кіно, напрыклад, з Юрыем Жыгамонтам, пераўвасобленым у Пане Каханку – экспрэсіўнага і неардынарнага Радзівіла, які гуляе ў шахматы з Войтам, просіць пакаштаваць новыя гатункі напояў ад вінакура і адгадаць інгрэдыенты, а таксама адпраўляе гульцоў у Бібліятэку шукаць адказ на пытанне пра сваіх продкаў. Гэтае гарманічнае спляценне гульні, тэатралізацы і класічнай музыкі не дае засумаваць ніводнаму ўдзельніку любога ўзросту, а ў Першы Квэст гулялі як бацькі з дзеткамі некалькіх месяцаў, так і людзі даволі сталага ўзросту.

Дванаццаць апосталаў так і захавалі сваю таямніцу. Аднак падарункі дасталіся ўсім. На ўваходзе кожны ўдзельнік атрымліваў фірменны нясвіжскі шакалад, тры каманды-пераможцы заслужылі адмысловыя узнагароды ад турыстычнай кампаніі “Віаполь”, сеткі турыстычных крамаў “Актыўная зона”, яшчэ 12 каманд атрымалі прызы ад Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.