Кубак Старога замка - 2016

01.02.2016

ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” запрашае вучняў 8-9 класаў дзяржаўных устаноў адукацыі прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка – 2016”.

Вось ужо пяты год нясвіжскі замак адкрывае свае дзверы перад таленавітай моладзю рэспублікі.

Упершыню інтэлектуальная гульня “Кубак Старога замка” прайшла ў 2012 г. ў рамках акцыі “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі”, і была прымеркавана да выставы ў сценах музея-запаведніка “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 – 1800 гг.”, тэмай гульні была выбрана Англія.

“Кубак Старога замка – 2013” уваходзіў у лік мерапрыемстваў, якія праводзіў музей-запаведнік сумесна з адзелам адукацыі Нясвіжскага раёна. На гэты раз тэмай інтэлектуальных баталій стала Вялікае Княства Літоўскае, а сама гульня прайшла на беларускай мове.

У 2014 г. “Кубак Старога замка” быў праведзены выхаванцамі клуба ЮНЕСКА “Кліо” з ліку навучэнцаў УА “Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа”. Гульня была прымеркавана да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны.

Рабяты, якія наведваюць пасяджэння клуба ЮНЕСКА “Кліо” правялі інтэлектуальныя спаборніцтвы і ў 2015 годзе. Тэмай баталій знаўцаў сталі “Помнікі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”.

Спачатку, два разы запар “Кубак Старога замка” выігрывала каманда інтэлектуалаў ДУА «Нясвіжская гімназія», але ў 2014 і 2015 гг. ва ўпартай барацьбе, галоўны прыз даставаўся камандзе “Ветразь” ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа”; ці будзе парушана традыцыя ў гэтым годзе – пакажа час.

Інтэлектуальная гульня пройдзе на беларускай мове; тэма гульні – “Беларусь”.
“Кубак Старога замка” будзе разыграны 24 лютага ў Тэатральнай зале палацава-замкавага комплексу г. Нясвіжа.

Калі ў Вас з’явілася жаданне прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка – 2016”, то Вам неабходна азнаёміцца з інфармацыйным паведамленнем.