Выстава твораў гліптыкі «Мастацтва ў камені»

25.02.2016

З 22 лютага па 1 мая 2016 г. запрашаем усіх жадаючых на выставу твораў гліптыкі «Мастацтва ў камені» ў Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля (г. Нясвіж).

Гліптыка – мастацтва разьбы на цвёрдых каштоўных і паўкаштоўных камянях, якое ўзнікла больш за 2,5 тысячы гадоў таму назад і стала найстарэйшым спосабам агранкі камянёў. Асобае месца ў каменярэзнай справе займаюць малыя формы, да якіх адносяцца гемы, разьбяныя мініяцюры. Гемы – мініяцюрныя творы мастацтва, на якіх адлюстраваны гістарычныя асобы ці гістарычныя падзеі.

На выставе «Мастацтва ў камені» ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены больш за 90 твораў гліптыкі. У аснове экспазіцыі ляжыць калекцыя гем Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, большасць прадметаў якой датуецца мяжой XIX-XX стагоддзяў. Большая частка калекцыі адносіцца да даваеннага збору музея, аснову якой складае калекцыя Антона Рафаілавіча Брадоўскага.

Для больш глыбокага раскрыцця тэмы выставы экспазіцыя дапоўнена ўзорамі паўкаштоўных і вырабных камянёў з геалагічнай калекцыі музея, таксама прадметамі Веджвудскай і Сеўрскай мануфактур з калекцыі парцаляну і шкла.

Калекцыя гліптыкі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея з'яўляецца самай вялікай калекцыяй камей сярод музейных калекцый Рэспублікі Беларусь.

Кошт уваходнага квітка на выставу  – 20 000 бел. руб.
Кошт экскурсійнага абслугоўвання выставы (30 хвілін) «Мастацтва ў камені» - 20 000 бел. руб.

Выставы працуюць штодзень з 9.30 да 18.00. Квіткі набываюцца ў касах музея-запаведніка да 17.00.
Жадаючым азнаёміцца з выставай не абавязкова набываць квіток на наведванне Палацава-паркавага ансамбля! Дастаткова набыць уваходны квіток на выставу!

Тэлефоны для даведак: +375177020602, +375295518051, +375291903149.