• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Музей-запаведнік «Нясвіж» атрымаў прыз «Еўропа Ностра 2016»

Музей-запаведнік «Нясвіж» атрымаў прыз «Еўропа Ностра 2016»

07.04.2016

Гаага, 7 красавіка 2016 – Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» атрымаў прыз «Еўропа Ностра 2016» у катэгорыі «Адданая служба». Публічная заява пра гэта была зроблена сёння «Еўропа Ностра», вядучай еўрапейскай арганізацыяй у галіне спадчыны. Прыз Еўропа Ностра прысуджаецца за выдатныя дасягненні ў еўрапейскіх краінах, якія не прымаюць удзел у праграме Еўрасаюза «Крэатыўная Еўропа». За дадзенае пераможнае дасягненне музей-запаведнік разам з астатнімі лаўрэатамі Прыза Еўрасаюза ў галіне спадчыны / Прыза Еўропа Ностра будзе ўзнагароджаны на цырымоніі, якая адбудзецца 24 мая ў Мадрыдзе, Іспанія. Славуты оперны спявак і Прэзідэнт Еўропа Ностра Пласіда Дамінга будзе з'яўляцца сувядучым цырымоніі ўзнагароджання.

Журы прэміі было «ўражана манументальнай працай, якая была праведзена Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж» па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў усяго за некалькі кароткіх месяцаў. Аднаўленне аб'екта і стварэнне музея не было лёгкай задачай, прымаючы пад увагу адносную аддаленасць аб'екта ад буйных гарадоў і сталіцы, а таксама пашкоджанні і занядбанасць, ад якіх палац пакутаваў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і выдатная лічба 400 тысяч наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды». Стварэнне музея было буйным праектам, які ўключаў у сябе ўладкаванне трыццаці экспазіцыйных залаў і фонды, якія захоўваюць 20 тысяч прадметаў.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» арганізуе і праводзіць 10-14 выстаў штогод, уключаючы міжнародныя выставы, некаторыя з іх арганізуюцца ў супрацоўніцтве з буйнымі сусветнымі музеямі. Аднаўленне, адкрыццё музея для публікі і намаганні, якія былі прыкладзены для атрымання міжнароднага прызнання ў культурным сектары, прынеслі значную карысць дадзенаму рэгіёну. Гэта стала магчымым дзякуючы стабільна якаснай працы музейшчыкаў.

Куратары і даследчыкі з глыбокай павагай паставіліся да мінулага помніка. Адметна, што музей знайшоў агульную мову з папярэднімі ўладальнікамі палаца, якія валодалі горадам Нясвіжам з пачатку XVI стагоддзя, а таксама палацам, будаўніцтва якога было скончана паміж 1599 і 1604 г. Пасля выгнання роду з Нясвіжа ў пачатку Другой Сусветнай вайны нашчадкі Радзівілаў цяпер жывуць у Польшчы, Вялікабрытаніі, Італіі і іншых краінах. Умацаванне ўзаемаразумення паміж нашчадкамі роду і супрацоўнікамі музея дазволіла апошнім атрымаць доступ да калекцый Радзівілаў, тым самым узмацняючы ўражанні наведвальнікаў ад гэтага элегантнага замка і пацвярджаючы, што яго багатая гісторыя захоўваецца ў адпаведнасці з яе кантэкстам.

Журы прызнае адказнасць, з якой музей-запаведнік «Нясвіж» адносіцца да складанага мінулага палаца. «Супрацоўнікі музея саслужылі вялікую службу сваёй установе, натхняючыся спадчынай роду Радзівілаў. Павага, якую яны выказваюць Радзівілам праз амаль сотню гадоў пасля іх выгнання з роднага дома, цудоўная, яна паказвае, наколькі моцныя Еўрапейскія культурныя карані роду ў гэтай частцы свету. Супрацоўнікі музея-запаведніка выйшлі далёка за рамкі сваіх абавязкаў, і, дзякуючы гэтаму, яны могуць быць прыведзены ў прыклад іншым работнікам гэтай сферы», адзначыла журы.

Гэта ўжо другі выпадак прысуджэння ўзнагароды Еўропа Ностра праекту з Беларусі. Аднаўленне і рэстаўрацыя Мірскага замка атрымала прыз Еўропа Ностра ў 1993 годзе.

Пераможцы Прыза Еўрасаюза ў галіне культурнай спадчыны / Прыза Еўропа Ностра 2016, якія перамаглі ў рамках праграмы Еўрасаюза «Крэатыўная Еўропа» таксама былі аб'яўлены сёння.

Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ўвечары 24 мая ў гістарычным Тэатры «Сарсуэла» ў Мадрыдзе. Каля тысячы чалавек, у тым ліку прафесіяналаў у галіне спадчыны, валанцёраў і спонсараў з усёй Еўропы будуць прымаць удзел у мерапрыемстве. Пераможцы прадставяць свае дасягненні на спецыяльнай цырымоніі, якая адбудзецца раніцай 24 мая ў штаб-кватэры Каралеўскай школы архітэктуры ў Мадрыдзе, а таксама паўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках Еўрапейскага кангрэса спадчыны ў Мадрыдзе (22-27 мая), арганізаваных Еўропа Ностра ў кантэксце маштабнага праекта «Актуалізуючы Спадчыну», што падтрымліваецца з боку Праграмы «Крэатыўная Еўропа» Еўрасаюза.

Даведка
Europa Nostra гэта агульнаеўрапейская федэрацыя НДА, што працуюць у галіне спадчыны, якую падтрымлівае шырокая сетка дзяржаўных органаў, прыватных кампаній і фізічных асоб. Працуючы ў сарака краінах Еўропы, арганізацыя з'яўляецца голасам грамадзянскай супольнасці, які выступае за захаванне і папулярызацыю Еўрапейскай культурнай спадчыны. Еўропа Ностра была створана ў 1963 годзе, на сённяшні дзень яна прызнаецца найбуйнейшай сеткай спецыялістаў у галіне культурнай спадчыны ў Еўропе. Еўропа Ностра заклікае да захавання еўрапейскіх помнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, у прыватнасці з дапамогай праграмы «7 помнікаў, якія знаходзяцца пад найбольшай пагрозай». Еўропа Ностра адзначае найбольш выдатныя прыклады захавання і папулярызацыі спадчыны з дапамогай Прыза Еўрасаюза ў галіне культурнай спадчыны / Прыза Еўропа Ностра. Акрамя таго, арганізацыя спрыяе распрацоўцы еўрапейскіх стратэгій у галіне спадчыны пры дапамозе структураванага дыялогу з еўрапейскімі інстытутамі і каардынацыі Альянсу Еўрапейскай спадчыны 3.3.