Фотавыстава В.Малышчыца “Беларусь у абдымках зорак”

04.08.2016

Музей-запаведнік “Нясвіж” запрашае наведаць фотавыставу аднаго з нешматлікіх беларускіх астрафатографаў, якія спалучаюць ў сваіх працах самабытныя зямныя краявіды з бясконцай велічнасцю зорнага неба – Віктара Малышчыца.

Аўтар нарадзіўся ў 1985 г. ў г. Рыга (Латвія) ў беларускай сям'і. З 1992 года стала жыве ў Беларусі. У 2007 годзе скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага факультэта. У дадзены момант працуе выкладчыкам астраноміі ў Ліцэі БДУ.

Творчыя захапленні аўтара звязаныя як з астранамічнай навукай, так і з фатаграфіяй. Гэта натхніла на працу над праектам "Беларусь: у абдымках зорак", які складаецца як з відэа, так і з фотаматэрыялаў. Асноўная ідэя праекта - данесці да гледача хараство нашага края, паказваючы Беларусь з незвычайнага ракурса: уночы пад зорным небам.

Персанальныя выставы аўтара праходзілі ў многіх гарадах Беларусі, а таксама ў Берліне і Парыжы. У дадзены момант аўтар працягвае працу над гэтым і іншымі праектамі аб нашай краіне.

На выставе прадстаўлена 28 фотаздымкаў, знятых у розных кутках нашай Бацькаўшчыны. На іх велічны Млечны Шлях ахінае беларускія краявіды і помнікі архітэктуры, баліды і метэоры суседнічаюць з такімі рэдкімі прыроднымі з’явамі, як срэбныя аблокі і палярнае ззянне.

Выстава працуе з 12.08.2016 па 29.09.2016 у інфарамацыйна-касавым цэнтры музея-запаведніка “Нясвіж” (г. Нясвіж, вул. Гейсіка, 1).

Уваход на выставу вольны.