“Жанчыны ў гісторыі роду Радзівілаў”

05.10.2016

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” – не толькі адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў краіны. Штогод тут праходзіць некалькі навуковых мерапрыемстваў (канферэнцыі, семінары, круглыя сталы), якія збіраюць даследчыкаў з Беларусі і замежжа.

Падчас круглага стала, прысвечанага радзівілаўскай генеалогіі, які адбыўся ў верасні мінулага года, прагучала думка аб мэтазгоднасці правядзення адмысловай канферэнцыі, на якой бы разглядалася роля жанчын ў гісторыі роду. Такая канферэнцыя прайшла 5 – 6 кастрычніка ў Палацавым ансамблі. Партнёрам у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства выступіў Польскі інстытут у Мінску.

На пленарным пасяджэнні і трох секцыях было заяўлена каля 20 дакладаў, прысвечаных розным аспектам гісторыі: шлюбным і пазашлюбным стасункам у родзе Радзівілаў, жаночаму следу ў мастацтве і літаратуры, дзейнасці жанчын па кіраванні фамільнымі ўладаннямі.

Грунтоўнасцю вылучаліся даклады польскіх гасцей: выкладчыц Сілезскага ўніверсітэта, доктарак габілітаваных Іаланты Гвоздзік і Марыолы Ярчык, прысвечаныя Крысціне Яўфіміі Радзівіл – настаяцельніцы нясвіжскага кляштара бенедыкцінак і Ганне Марыі – адной з апошніх прадстаўніц біржанскай галіны роду. Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Рагнеда Аляхновіч асвятліла матрыманіяльную стратэгію Радзівілаў у XVI ст., паказаўшы, як праз шлюбы ўзрастала багацце фаміліі і яе ўплыў на дзяржаўныя справы.

Адметнасцю канферэнцыі стала тое, што значную частку яе ўдзельнікаў складалі маладыя даследчыкі – магістры, аспіранты – якія агучылі цікавыя і ў нечым нестандартныя погляды на вядомыя і не вельмі гістарычныя постаці. Павел Булаты асвятліў дзейнасць Барбары Радзівіл як уладальніцы Ляхавіцкага маёнтка; Сяргей Ганчарэнка прааналізаваў статыстыку радзівілаўскіх шлюбаў у XVI – пачатку XVII стст.; Таццяна Варабей, абапіраючыся на перыёдыку канца ХІХ – пачатку ХХ стст. рэканструіравала паўсядзённае жыццё французскай галіны роду. Вольга Клецкіна, распавядаючы пра тэатр Радзівілаў, звярнула ўвагу не толькі на яго стваральніц і мецэнатак з княжацкай сям’і, але і паспрабавала аднавіць біяграфіі і ўмовы працы шараговых актрыс. Вольга Новік дэталёва разгледзела прававыя нормы ВКЛ, датычныя сямейных стасункаў. Вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Палунчанка прасачыла эвалюцыю вобраза Соф’і Радзівіл з Алелькавічаў у мастацкай і папулярнай літаратуры, адзначыўшы, што апошнім часам у шэрагу прац мае месца свядомае скажэнне фактаў і ігнараванне вынікаў навуковых даследванняў.

Амаль траціна дакладаў была падрыхтавана і агучана супрацоўнікамі ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”. У прыватнасці, Віталь Бядрыцкі, на падставе свецкай хронікі паўночнаамерыканскіх газет, распавёў гісторыю няпростых стасункаў перадапошняга нясвіжскага ардыната Альбрыхта Радзівіла з Дораці Паркер Дзікан; Ірына Мілінкевіч узнавіла біяграфію Петранэлы Радзівіл – жонкі полацкага ваяводы Станіслава Давойны; Уладзімір Караленак паказаў сваяцкія сувязі берлінскай галіны роду з арыстакратыяй Аўстрыйскай імперыі.

Па выніках работы канферэнцыі прынята адмысловая рэзалюцыя. Частка дакладаў будзе надрукавана ў штогодніку музея-запаведніка “Нясвіж” “Acta anniversaria”.