Палажэнне аб конкурсе гісторыка-краязнаўчых работ «Вандроўкі па маіх ваколіцах»

Палажэнне аб конкурсе гісторыка-краязнаўчых работ
«Вандроўкі па маіх ваколіцах»,
прымеркаваным да 200-годдзя з дня нараджэння
Уладзіслава Сыракомлі
1. Агульныя палажэнні
1.1. Конкурс гісторыка-краязнаўчых работ «Вандроўкі па маіх ваколіцах» (далей – Конкурс) праводзіцца з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) – паэта, гісторыка, краязнаўцы, аднаго з першых папулярызатараў беларускай мінуўшчыны (нарадзіўся 29 верасня 1823 года).
1.2. Арганізатар Конкурсу – Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж».
1.3. Конкурс праводзіцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
1.4. Удзельнікі Конкурсу: навучэнцы сярэдніх і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў і іх настаўнікі; студэнты; бібліятэкары і работнікі культуры; краязнаўцы-аматары і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй родных мясцін.
1.5. Дасылаючы свае работы на конкурс, удзельнікі пацвярджаюць згоду з умовамі дадзенага Палажэння.
1.6. Для правядзення Конкурсу ствараецца Аргкамітэт у наступным складзе:
Блінец Андрэй Уладзіміравіч – вучоны сакратар музея;
Верамчук Таццяна Леанідаўна – начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і рэкламе;
Шэўчык Кацярына Аляксандраўна – экскурсавод 1-й катэгорыі.
2. Тэмы конкурсных работ
2.1. Для разгляду на Конкурсе прымаюцца работы па наступных тэмах:
– Гісторыя вёсак, мястэчак, іншых населеных пунктаў. Агляд гісторыі або нейкага перыяду (перыядаў) мінуўшчыны з акцэнтаваннем увагі на мясцовых падзеях, іх інтэрпрэтацыі ў памяці сучаснікаў, адлюстраванні ў памятных знаках, назвах вуліц і г.д.
– Турыстычныя маршруты па беларускай «глыбінцы». Распрацоўка маршрута па адносна невялікай тэрыторыі (сельсавет, раённы цэнтр, ваколіцы вёскі) з апісаннем адметнасцяў, ацэнкай турыстычнай прывабнасці і магчымасцю яго ўвасаблення ў жыццё.
– Памятныя мясціны. Архітэктурна-гістарычныя і прыродныя помнікі, старыя будынкі, адметныя тапонімы і ўсё, што з імі звязана, пачынаючы ад паданняў і ўспамінаў і завяршаючы згадкамі ў манаграфіях і энцыклапедыях.
– Некрапалістыка. Старыя могілкі, капліцы, пахаванні святароў каля цэркваў і касцёлаў, аповед пра лёсы людзей і магіл.
3. Мэты і задачы Конкурсу
3.1. Актывізацыя гісторыка-краязнаўчых даследаванняў і пошукавай работы, падтрымка краязнаўчых ініцыятыў.
3.2. Выяўленне, апісанне, фотафіксацыя невядомых або малавядомых помнікаў даўніны.
3.3. Выхаванне любові і цікавасці да беларускай мінуўшчыны.
3.4. Папулярызацыя гісторыі невялікіх населеных пунктаў Беларусі.
4. Парадак правядзення Конкурсу і патрабаванні да конкурсных работ
4.1. На Конкурс прымаюцца гісторыка-краязнаўчыя работы, напісаныя на беларускай мове, якія адпавядаюць адной з вышэйпералічаных конкурсных тэм, раней не друкаваліся і не падаваліся на іншыя конкурсы.
4.2. Прыём конкурсных работ ажыццяўляецца з 1 ліпеня па 20 жніўня 2023 года (уключна).
4.3. Да ўдзелу ў Конкурсе прымаюцца як індывідуальныя, так і калектыўныя творы аўтарства двух і больш чалавек.
4.4. Вынікі Конкурсу абвяшчаюцца 28 верасня 2023 года ў Нясвіжскім палацавым ансамблі (Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»).
4.5. Пры ацэнцы работ будзе ўлічвацца як навізна пададзенай інфармацыі, так і здольнасць аўтараў выкладаць свае думкі мовай, зразумелай для шырокага кола чытачоў, без перанасычнасці тэксту канцылярызмамі, неалагізмамі, спецыфічна навуковымі тэрмінамі.
4.6. Аб’ём конкурснай работы не павінен перавышаць адзін друкаваны аркуш (40 000 знакаў з прабеламі). Ілюстрацыі, планы, схемы абавязкова падпісваюцца з пазначэннем аўтарства. Да работы прыкладаецца спіс літаратуры і крыніц па тэме, пры неабходнасці – аўдыё- і відэафайлы на асобным носьбіце.
4.7. Работы накіроўваюцца ў электронным выглядзе на пошту navukanhkmz@gmail.com з пазнакай «Вандроўкі па маіх ваколіцах».
4.8. Разам з работай удзельнік дасылае ў адвольнай форме заяўку на ўдзел у Конкурсе, у якой павінен указаць:
– прозвішча, імя, імя па бацьку;
– месца работы або навучання, пасаду, якую займае;
– кароткую інфармацыю (не больш за 150 слоў) аб сваёй краязнаўчай дзейнасці (асноўныя тэмы даследванняў, друкаваныя працы (калі ёсць)) і актуальнасці прапанаванай тэмы;
– кантактныя дадзеныя: паштовы і электронны адрас, мабільны ці стацыянарны тэлефон.
4.9. Аргкамітэт пакідае за сабой права адхіляць работы, якія з’яўляюцца кампіляцыяй з раней апублікаваных матэрыялаў; паўтараюць добра вядомыя факты або не адпавядаюць тэматыцы Конкурсу.
5. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў
5.1. Для ацэнкі конкурсных работ ствараецца журы ў складзе запрошаных дзеячаў культуры, даследчыкаў-краязнаўцаў, спецыялістаў у галіне пазнавальнага турызму, навуковых супрацоўнікаў музея-запаведніка «Нясвіж». Персанальны склад журы будзе абвешчаны напярэдадні падвядзення вынікаў Конкурсу, не пазней 20 жніўня 2023 года.
5.2. Узнагароджванне праходзіць па трох асноўных намінацыях:
– Лепшая работа школьніка (навучэнца);
– Лепшая індывідуальная работа;
– Лепшая калектыўная работа.
5.3. Для ўзнагароджвання прадугледжваюцца дзве спецыяльныя намінацыі:
– «Шляхам Уладзіслава Сыракомлі» – для работ, якія закранаюць тэмы, звязаныя з жыццём, дзейнасцю, мясцінамі Ул. Сыракомлі;
– «Першы крок» – для аўтараў, якія не маюць друкаваных гісторыка-краязнаўчых прац і робяць першыя крокі ў гэтым напрамку.
5.4. Журы Конкурсу мае права заснаваць дадатковыя прызы і намінацыі.
5.5. Пераможцы Конкурсу ўзнагароджваюцца запрашальным білетам на наведванне музея-запаведніка «Нясвіж» і яго мерапрыемстваў на працягу 2024 года, дыпломамі і прызамі.
5.6. Усе ўдзельнікі Конкурсу адзначаюцца падзякамі і памятнымі сувенірамі.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: