Флаг РБ Герб РБ

9 снежня — Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства

9 снежня — Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства

Штогод 9 снежня сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду. Гэтая дата была ўстаноўлена Генеральнай Асамблеяй ААН у 2015 годзе і прымеркавана да гадавіны прыняцця 9 снежня 1948 года Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго — першага міжнароднага прававога дакумента, які вызначыў генацыд як найцяжэйшае злачынства супраць чалавечнасці.

У Рэспубліцы Беларусь асаблівае значэнне надаецца захаванню памяці аб ахвярах генацыду. 9 снежня — не толькі дзень міжнароднага салідарнага памінання, але і напамін аб трагедыі, перажытай беларускім народам у гады Другой Сусветнай вайны. Амаль 3 мільёны чалавек — кожны трэці жыхар краіны —  загінулі ў выніку акупацыі, масавых забойстваў і знішчэння цэлых вёсак. 

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» дзейнічае абноўленая экспазіцыя, прысвечаная мясцовым трагедыям часоў акупацыі. Выстава  "Пераўтвораныя ў попел" распавядае пра злачынствы, учыненыя супраць мірнага насельніцтва Нясвіжскага раёна, — пра спаленыя вёскі, расстраляныя сем'і.
Асаблівая ўвага нададзена трагедыі хутара Булатаўшчына, дзе ў 1943 годзе былі расстраляныя 13 мірных жыхароў. Дзякуючы рассакрэчаным архівам КДБ і супрацоўніцтву з расійскімі калегамі, удалося знайсці крымінальную справу 1950 года, якая пацвярджае гэтую гісторыю. У 2024 годзе астанкі ахвяр былі знойдзены і перапахаваны з воінскімі ўшанаваннямі, а іх асабістыя рэчы — перададзеныя пракуратурай Мінскай вобласці — сталі часткай экспазіцыі.

Музей-запаведнік "Нясвіж" запрашае ўсіх наведвальнікаў Палацавага ансамбля на выставу «Пераўтвораныя ў попел», каб ушанаваць памяць ахвяр, дакрануцца да дакументальнай праўды і ўсвядоміць: толькі памятаючы аб мінулым, мы можам абараніць будучыню.