"Сябры назаўжды" - сустрэча клубаў ЮНЕСКА ў Нясвіжы
10 снежня, У Дзень правоў чалавека і ў год 10-годдзя клуба ЮНЕСКА «Кліо», на базе Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа адбылася сяброўская сустрэча трох аб'яднанняў — Нясвіжскага клуба «Кліо» і слуцкіх клубаў «Пегас» і «Пошук».
Мерапрыемства, якое атрымала цёплую назву «Сябры назаўжды», аб'яднала больш за 30 актыўных і неабыякавых юнакоў і дзяўчат. Асноўная мэта сустрэчы — развіццё творчага і лідарскага патэнцыялу моладзі праз знаёмства з мэтамі ўстойлівага развіцця, дзейнасцю ААН, ЮНЕСКА і Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, а таксама праз практыку канструктыўных і бесканфліктных зносін.
Праграма дня была насычанай і разнастайнай: удзельнікі праверылі свае веды ў галіне гісторыі, пабывалі на экскурсіях па музеі каледжа і палацавым ансамблі музея-запаведніка «Нясвіж», абмяняліся памятнымі сувенірамі і, галоўнае, знайшлі час для шчырых зносін у цёплай, нефармальнай атмасферы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі:
- Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік " Нясвіж»,
- Установа адукацыі " Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа»,
- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА".
Дзесяць гадоў — гэта не проста тэрмін, а шлях, пройдзены разам з маладымі людзьмі, для якіх культурная спадчына, правы чалавека і ўстойлівая будучыня — не проста словы, а жывыя каштоўнасці. Сустрэча "Сябры назаўжды" стала яшчэ адным крокам на гэтым шляху.