Экспанат месяца

Экспанат месяца

экспонат месяца 

Пояс кунтушовы. Шоўк, нітка срэбная, ткацтва. Памер: 430,0 х 38,0 см. У фонд паступіў у 2012 годзе з прыватнай калекцыі.

Шаўковыя паясы ў XVIII ст. былі часткай мужчынскага касцюма Рэчы Паспалітай, імі падпярэзвалі кунтуш – верхнюю вопратку, з-за чаго паясы атрымалі назву “кунтушовых”. У сучасны момант шаўковыя золататканыя паясы ўспрымаюцца грамадствам, як творы мастацтва высокага ўзроўню. 

У вуглах пояса выткана выява ягняці з харугвай і літарамі “P.J.”, дзякуючы якой можна сцвярджаць, что прадмет створаны на мануфактуры Пасхаліса Якубовіча ў Ліпкаве (пад Варшавай) ў 1791–1794 гадах. Заснавальнік мануфактуры, купец Пасхаліс Якубовіч у 1791 годзе па грамаце караля Станіслава II Аўгуста Панятоўскага атрымаў шляхецтва і герб – у зялёным полі баранчык на мураве, які трымае правай нагой малы сцяг. У нашлемніку – арлінае крыло, працятае стралой. Пасля чаго дадзены герб з ініцыяламі «P.J.» уладальнік выкарыстоўваў для маркіроўкі Ліпкаўскіх паясоў да 1794 году, калі прадпрыемства перастала існаваць. 

Дэкор галоў пояса будуецца на двайным паўторы кветкавых дрэўцаў, якія прарастаюць з вяночкаў. Цэнтр кампазіцыі ўпрыгожвае буйная блакітна-ружовая кветка з дробнымі вузкімі лісцямі. Кветку і сцябло аздабляюць дробныя стылізаваныя блакітныя і ружовыя кветкі. На сярэдніку папярочныя палосы асноўнага жоўта-ружовага з выявамі кветак фону чаргуюцца з арнаментам блакітных, ружовых кветак і зялёных пялёсткаў. Бардзюр складаюць выявы галінак з кветкамі. Да канцоў пояса прышыты махры. У вуглах пояса выткана выява ягняці з харугвай і літарамі “P. J.”.

Пояс кунтушовы ўпрыгожвае пастаянную экспазіцыю калекцыйнай залы “Слуцкія паясы” Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.