міжнародная выстава «Модныя дамы ў Нясвіжы» — музей-запаведнік «Нясвіж»

міжнародная выстава «Модныя дамы ў Нясвіжы»

З 14 лютага па 5 красавіка 2020 г. у Вялікай выставачнай зале палаца Радзівілаў будзе праходзіць міжнародная выстава «Модныя дамы ў Нясвіжы».

Аснову часовай экспазіцыі складае ўнікальная персанальная калекцыя ўбораў апошняй небароўскай княгіні Ганны Радзівіл з Любамірскіх, а таксама – рэканструкцыі жаночых строяў ХІХ стагоддзя, зробленыя паводле партрэтаў адпаведнай эпохі. Дэманстрацыя арыгінальных сукенак і іх рэканструкцый дазволіць не толькі адчуць каларыт ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, але і нагадае пра даўнія культурныя кантакты паміж радзівілаўскімі рэзідэнцыямі Небаровам і Нясвіжам. Акрамя таго, на выставе будуць прадстаўлены вееры, упрыгожванні, аксэсуары і фотаздымкі з музейных збораў і прыватных калекцый.
alt
У арганізацыі і правядзенні праекта задзейнічаны партнёры з Польшчы і Беларусі - Музей у Небарове і Аркадыі (Польшча), Фонд «Nomina Rosae» (Польшча), Музей «Замкавы комплекс «Мір» (Беларусь), Польскі Інстытут у Мінску (Беларусь). Так сама на выставе будуць прадстаўлены арыгінальныя прадметы з калекцыі князя Мацея Радзівіла (Польшча).

Кошт уваходнага квітка на выставу:
3.00 BYN (дарослыя)
1.50 BYN (школьнікі і студэнты)


 * Уваход на выставу магчымы без набыцця квітка для наведвання пастаяннай экспазіцыі Палацавага ансамбля.


Падзяліцца ў сацыяльных сетках: