“Захавальнікі” ў Нясвіжы — музей-запаведнік «Нясвіж»

“Захавальнікі” ў Нясвіжы

“Захавальнікі” ў Нясвіжы

З 26 сакавіка па 20 верасня 2021 г. у вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля дзейнічае выстава “Захавальнікі”, на якой прадстаўлены куфры, шкатулкі, чамаданы з фондаў музея-запаведніка “Нясвіж”. Узрост прадметаў вагаецца ад некалькіх дзесяцігоддзяў да чатырохсот з лішнім гадоў (самыя старыя з выстаўленых куфраў былі зроблены на мяжы XVI–XVII стст.). Яны зроблены з розных матэрыялаў, у розных краінах, па розных тэхналогіях. Аб’ядноўвае іх прызначэнне – усе яны служылі для захавання прадметаў. Менавіта гэта функцыя адлюстравана ў назве выставы.

Наведвальнікі змогуць убачыць італьянскія куфры для пасагу (“касонэ”), аздобленыя мастацкай разьбой; чамадан-гардэроб, які замяняў падарожніцам ХІХ ст. цэлую адзёжную шафу; дарожны куфар карабельнай кампаніі “White Star Line”, якая займалася трансатлантычнымі перавозкамі пасажыраў (менавіта ёй належаў сумнавядомы лайнер “Тытанік”). З 1894 г. захавалася вечка куфра, абклеенае газетнымі старонкамі з рэпартажам аб вянчанні імператара Мікалая ІІ і Аляксандры Фёдараўны. Акрамя таго на выставе прадстаўлены разнастайныя шкатулкі, партсігары, футаралы, чамаданы, скрынкі для гарбаты, дарожны бар, паляўнічая торба, музычная шкатулка і многія іншыя прадметы, якія можна назваць “захавальнікамі”.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: