Нясвіжскі замак — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Нясвіжскі замак

Узнікненне ў Нясвіжы мураванага замка звязана з дзейнасцю Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Ён вырашыў, што княжацкая рэзідэнцыя павінна вызначацца магутнасцю, адпавядаць сучасным патрабаванням фартыфікацыі і наглядна дэманстраваць веліч радзівілаўскага роду. Таму, замест перабудовы старога драўлянага замка, князь пачаў будаваць новы на паўвостраве, утвораным двума штучнымі азёрамі на р. Уша.

Работы пачаліся ў 1582–1583 гг. і ў асноўным былі скончаны да 1600 г. Няма адназначнага меркавання наконт таго, хто быў аўтарам праекту. Раней лічылася, што працай кіраваў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні, аднак сучасныя даследчыкі гавораць толькі пра яго ўдзел у будаўніцтве на некаторых этапах. Не выключана, што распрацоўкай праекта займаўся сам М. К. Радзівіл, які сур’ёзна цікавіўся архітэктурай.

Новазбудаваны замак стаў адной з лепшых фартэцый Вялікага Княства Літоўскага. У плане ён уяўляў чатырохвугольнік, акружаны высокім валам з бастыёнамі на вуглах і вадзяным ровам. Насупраць уязной брамы быў збудаваны княжацкі палац, побач з ім — арсенал і камяніца з дазорнай вежай. Таксама ў замку знаходзіліся казармы, турма, людвісарня — ліцейная майстэрня, склады з правіянтам, пякарня. З горада ў крэпасць вёў драўляны мост, які пры неабходнасці можна было лёгка разбурыць. На бастыёнах размяшчалася каля 30 гармат, што дазваляла трымаць пад агнём прылеглую тэрыторыю. Усё гэта рабіла замак непрыступным.

У 1660 г. крэпасць вытрымала двухмесячную аблогу маскоўскага войска, што істотна паўплывала на ход вайны. Нясвіж адцягнуў на сябе частку непрыяцельскіх аддзелаў ад Ляхавічаў і адвёў пагрозу ад Слуцка. З улікам ролі, якую адыграў замак у тых падзеях, сойм Рэчы Паспалітай на 4 гады вызваліў горад ад ваенных пастояў і падаткаў.

Падчас Паўночнай вайны, у 1706 г., да замка падыйшло шведскае войска на чале з Карлам ХІІ. Маючы пад сваім камандаваннем невялікі атрад прафесійных вайскоўцаў, камендант прыняў ультыматум караля і адкрыў браму. Шведы разрабавалі замак і цалкам знішчылі яго ўмацаванні: валы былі раскапаныя, бастыёны ўзарваныя, будынкі спаленыя.

Аднаўленне пачалося ў 1720-я гг. у часы Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Адбудаваны палац, карпусы арсенала і камяніцы былі злучаны галерэямі ў адно цэлае. Пры гэтым абарончая функцыя адыйшла на другі план, цяпер княжацкая рэзідэнцыя стала перш за ўсё цэнтрам культурнага жыцця. У палацы была абсталявана адмысловая Тэатральная зала, капліца іконы Ларэтанскай Божай Маці, нейкі час дзейнічала друкарня. Тут знаходзіліся багатая бібліятэка, партрэтная галерэя, калекцыі зброі і даспехаў, манет і медалёў. У замку працавалі архітэктары Казімір Ждановіч, Маўрыцыо Педэці і інш. У 1784 г. адмыслова да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага была створана Каралеўская зала, упрыгожаны шэраг пакояў.

У гады Першай сусветнай вайны і наступных рэвалюцыйных падзей замак істотна не пацярпеў. У перыяд Другой Рэчы Паспалітай ён, на кароткі час, стаў цэнтрам грамадскага жыцця. У 1926 г. яго наведаў маршал Юзаф Пілсудскі, які на ўрачыстым прыёме ўзняў тост за дом Радзівілаў: «каб заставаўся такі ж вечны, як гэтыя старыя муры».

У 1939 г. з усталяваннем савецкай улады лёс замка доўгі час не быў вызначаны. Тут планавалі адкрыць музей, аўтадарожны тэхнікум, дом адпачынку. Калекцыі, бібліятэка, архіў былі перададзены розным установам, а значная іх частка ўвогуле страчана. Падчас нямецкай акупацыі ў замку дзейнічаў ваенны шпіталь. Пасля вызвалення ў 1944 г. — прынята рашэнне аб арганізацыі санаторыя, які дзейнічаў да 2001 г.

У 1993 г. урад Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб стварэнні музея-запаведніка «Нясвіж», быў распрацаваны і зацверджаны план рэстаўрацыі палаца. 15 ліпеня 2005 г. архітэктурны, жылы і культурны комплекс Радзівілаў быў уключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, як «выдатны прыклад архітэктурнага ансамбля, які ілюструе значны перыяд чалавечай гісторыі». Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ, у ліпені 2012 г. экспазіцыя музея-запаведніка «Нясвіж» цалкам адкрылася для наведвальнікаў.