Горад

Нясвіж

Пытанне аб пачатках гісторыі старажытнага Нясвіжа з’яўляецца даволі заблытаным. Доўгі час лічылася, што першая летапісная згадка аб ім датавана 1223 г., калі сярод рускіх князёў, якія загінулі ў бітве з манголамі на рацэ Калцы, быў названы Юрый Нясвіжскі. Аднак большасць спецыялістаў схіляецца да думкі, што летапісец меў на ўвазе альбо Нясвеж ва Уладзіміра-Суздальскай зямлі або Несвіч на Валыні. Адлік гісторыі сучаснага беларускага горада правільней весці з 1445 г., калі ў актавых дакументах упершыню згадваецца «двор Нясвіж», які вялікі князь Казімір перадаў пану Мікалаю Няміровічу. Пазней ім валодалі Солтаны, Мантыгірдавічы, Кішкі. У 1513 г. Ганна Кішка стала жонкай гаспадарскага маршалка Яна Радзівіла, прынесшы яму ў якасці пасага Нясвіж. У 1533 г. горад канчаткова стаў уласнасцю гэтага магнацкага роду.


У сярэдзіне XVI ст. у Нясвіжы дзейнічаў кальвінскі збор і пратэстанцкая друкарня, у якой былі выдадзены першыя друкаваныя беларускамоўныя кнігі на тэрыторыі сучаснай Беларусі: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Напрыканцы XVI ст. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка перабудаваў горад згодна з прынцыпамі заходнееўрапейскай архітэктуры: прамавугольная планіроўка з уязнымі брамамі на восі галоўных вуліц; гандлёвая плошча з ратушай; вакол горада — земляны вал і роў. У 1586 г. горад атрымаў магдэбургскае права і ўласны герб. Ён уяўляў сабой шчыт, падзелены на дзве часткі. У правай — палова чорнага арла на залатым фоне; у левай — дзесяць касых палос блакітнага, чырвонага і залатога колераў. З некаторымі зменамі герб выкарыстоўваўся ў розныя перыяды гісторыі і дайшоў да нашых дзён. Таксама М. К. Радзівіл ператварыў Нясвіж у буйны асяродак распаўсюджвання каталіцтва. Тут былі заснаваны: езуіцкі калегіум, кляштары бенедыкцінак і бернардзінцаў. З Нясвіжам гэтага перыяду звязана дзейнасць дойліда Яна Марыі Бернардоні (аўтара шэрагу культавых збудаванняў), гравёра Тамаша Макоўскага, які рыхтаваў тут да выдання карту Вялікага Княства Літоўскага.
 
У 1628–1629 гг. быў складзены першы інвентар Нясвіжа, які захаваўся да нашых дзён. Згодна з ім, у горадзе было 177 хрысціянскіх і 27 яўрэйскіх дамоў. У 1673 г. налічвалася 366 дамоў і каля 2,4 тысяч жыхароў. Да канца стагоддзя ў Нясвіжы з’явіўся дамініканскі касцёл, а ў яго ваколіцах кляштары езуітаў і бенедыкцінцаў. Нясвіж XVII–XVIII стст. быў значным гандлёва-рамесным цэнтрам. Тут існавалі цэхі: кравецкі, купецкі, кушнерскі, мулярска-ганчарскі, ткацкі, шавецкі, слясарска-кавальска-катлярскі. Штогод праходзілі кірмашы, якія доўжыліся ад двух да чатырох тыдняў.

Развіццё горада часта перапынялася войнамі. У 1655 і 1660 гг. яго рабавалі войскі маскоўскага цара. У сакавіку 1706 г. на нясвіжскіх вуліцах адбыўся бой паміж паміж шведскімі драгунамі і запарожскімі казакамі, у якім апошнія былі ўшчэнт разбіты. Пры гэтым горад быў спалены. Пасля захопу замка ў маі таго ж года, шведы знішчылі ацалелыя будынкі. Дакументы паведамляюць, што, за выключэннем касцёлаў і кляштараў, горад ператварыўся ў вялікае папялішча.

У 1724 г. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька скончыў сваю адукацыйную вандроўку па Еўропе і ўрачыста ўехаў у Нясвіж. Гэта сімвалізавала пачатак адраджэння. У сярэдзіне XVIII ст. у горадзе пачалі дзейнічаць некалькі мануфактур, кадэцкі корпус, друкарня, былі адбудаваны замак, ратуша. Штогод сярод гараджан праводзіліся спаборніцтвы па стральбе на званне «караля курка», пераможца якіх вызваляўся ад выплаты падаткаў. У гэты час у Нясвіж прыязджалі архітэктары, мастакі, музыканты, якія маглі дасягнуць высокага становішча ў грамадстве. Так, прыдворны мастак Казімір Лютніцкі не толькі валодаў трыма зямельнымі надзеламі, але і быў абраны бурмістрам. Менавіта ў Нясвіжы гадзіннікавы майстар Еўна Якабсон сканструяваў механічную лічыльную машыну.

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Нясвіж увайшоў у склад Расійскай імперыі. Першапачаткова гэта быў павятовы цэнтр, а з 1796 г. — заштатны горад Мінскай губерніі. ХІХ ст. было адзначана паступовым закрыццём каталіцкіх кляштараў, перабудовай касцёлаў у праваслаўныя цэрквы. У 1875 г. у Нясвіжы пачала дзейнічаць настаўніцкая семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў пачатковых класаў. Пры ёй была заснавана метэаралагічная станцыя, створаны музей, існавала бібліятэка. Сярод вядомых выпускнікоў гэтай установы — этнограф Адам Багдановіч, паэт Якуб Колас, пісьменнік Кузьма Чорны і інш.

У 1921 г. паводле ўмоваў Рыжскага мірнага пагаднення Нясвіж увайшоў у склад Польскай дзяржавы. Горад захоўваў свой шматнацыянальны характар. Тут існавалі польскія грамадскія і культурныя арганізацыі, дзейнічалі юдэйскія рэлігійныя школы і асветніцкія згуртаванні. У пачатку 1920-х гг. працавала беларуская гімназія.

17 верасня 1939 г. у горад увайшлі аддзелы Чырвонай Арміі. Са студзеня 1940 г. Нясвіж стаў раённым цэнтрам у складзе БССР. А ўжо ў чэрвені 1941 г. быў акупіраваны нямецкімі войскамі. У гады акупацыі загінула больш за 6 тысяч чалавек (пераважна яўрэяў). 2–4 ліпеня 1944 г. пасля працяглых баёў горад вызвалены аддзеламі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанамі.