ВЫСТАВА «ДАСПЕХІ РАДЗІВІЛАЎСКАГА НЯСВІЖА»

ВЫСТАВА «ДАСПЕХІ РАДЗІВІЛАЎСКАГА НЯСВІЖА»

«Даспехі Радзівілаўскага Нясвіжа» — гэта ўнікальная спроба сабраць асобныя элементы найбагацейшай калекцыі зброі і даспехаў роду Радзівілаў, якая захоўвалася ў Нясвіжскім палацы на працягу некалькіх стагоддзяў. У цяперашні час прадметы з гэтай калекцыі прадстаўленыя ў такіх буйных сусветных музеях як Метрапалітэн (ЗША), Музей Арміі ў Парыжы (Францыя), Мастацка-гістарычны музей Вены (Аўстрыя), Брытанскі музей, музей Фіцвільяма Кембрыджскага Універсітэта (Вялікабрытанія) і г.д . У межах гэтага выставачнага праекта ў сценах Нясвіжскага палаца будуць паказаныя артэфакты з калекцый Музея Фіцвільяма Кембрыджскага Універсітэта (Кембрыдж, Вялікабрытанія), Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Сярод іх арыгінальныя баявыя паўдаспехі XVI стагоддзя, элементы баявых і парадных даспехаў, ахоўныя элементы для коней. Асаблівае месца ў гэтай экспазіцыі займаюць артэфакты са збору музея Фіцвільяма Кембрыджскага Універсітэта. Тут прадстаўленыя элементы даспехаў, якія імітуюць грамадзянскі гарнітур таго часу, так званыя «дуты са складкамі». Такія даспехі былі выключна параднымі або турнірнымі, іх не апраналі ў бой. Як правіла, яны былі багата ўпрыгожаны гравіроўкай, тручэннем, пазалотай. Акрамя таго, для некаторых элементаў у экспазіцыі вядома нават імя майстра, які іх вырабіў — гэта знакаміты нямецкі даспешнік Кольман Хельмшмід, які выконваў замовы для каралеўскіх дамоў і найбуйнейшых магнатаў Еўропы. Менавіта ён быў аўтарам вядомага даспеха Юрыя Радзівіла «Літоўскага Геркулеса», які цяпер экспануецца ў экспазіцыі музея Метрапалітэн (ЗША). Выстава знаходзіцца ў Залатой зале палацавага ансамбля і будзе экспанавацца да 2021 года. Яе наведванне бясплатнае (пры ўмове набыцця білета ў асноўную экспазіцыю).