Нясвіжскія ардынаты — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Нясвіжскія ардынаты

Да сярэдзіны XVI ст. у руках нашчадкаў канцлера і віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565) сканцэнтраваліся велізарныя зямельныя ўладанні. Каб прадухіліць іх далейшае здрабненне і падзел, трое братоў — Мікалай Крыштаф, Альбрыхт і Станіслаў — у 1586 г. заключылі пагадненне аб утварэнні трох ардынацый — Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай.

Ардынацыяй (ад лац. ordinatio — парадак) называлася непадзельнае ўладанне, якое перадавалася па спадчыне па асаблівых правілах — толькі нашчадкам па мужчынскай лініі (жанчыны за спадкаемцаў не лічыліся), а ў выпадку іх адсутнасці — прадстаўнікам іншых ліній роду «абы николи з дому Радивиловского маетность отчыстая и набытая не выходила». Акрамя таго ўстанаўлівалася неадчужальнасць галоўных маёнткаў. 10 снежня 1586 г. пагадненне аб утварэнні ардынацый было зацверджана каралём Стэфанам Баторыем.

Лінія алыцкіх ардынатаў (дзяцей Станіслава) згасла ў 1656 г., клецкіх (сыноў Альбрыхта) — у 1690 г. Паступова ўсе ўладанні апынуліся ў руках нашчадкаў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Нясвіжская ардынацыя праіснавала да 13 ліпеня 1939 г., калі сейм Польшчы прыняў закон аб скасаванні такой формы землеўладання. На працягу 353 гадоў статус нясвіжскіх ардынатаў мелі 17 прадстаўнікоў дому Радзівілаў.

  1. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549–1616), нясвіжскі ардынат у 1586–1616 гг. Адзін з найбольш выдатных дзеячаў канца XVI — пачатку XVII стст. Займаў шэраг дзяржаўных пасад, удзельнічаў у войнах з Масковіяй (вызваленні Полацка і аблозе Пскова). У 1582–1584 гг. здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю, апісанне якога пасля выйшла асобнай кнігай. Шмат зрабіў для ўладкавання Нясвіжа: пабудаваў мураваны замак, дамогся для горада прывілея на самакіраванне, заснаваў езуіцкі касцёл і калегіум, бенедыкцінскі і бернардынскі кляштары, выдаў шэраг прывілеяў, якія вызначалі правы і абавязкі месцічаў. Дзякуючы яму Нясвіж з невялікага паселішча ператварыўся ва ўзорны еўрапейскі горад. На сродкі М.К. Радзівіла Сіроткі была выдадзена першая дакладная карта ВКЛ (1604, 1613 гг.).
  2. Ян Юрый Радзівіл (1588–1625), нясвіжскі ардынат у 1616–1625 гг. Старэйшы сын М.К. Радзівіла. Пераважна праводзіў час у Варшаве і Вільні, пры каралеўскім двары. У Нясвіжы бываў рэдка. У 1617 г. урачыста прымаў у горадзе каралевіча Уладзіслава.
  3. Альбрыхт Уладзіслаў Радзівіл (1589–1636), нясвіжскі ардынат у 1625–1636 гг. Сын М. К. Радзівіла, прыняў ардынацыю пасля смерці старэйшага брата. У Нясвіжы бываў рэдка, у асноўным жыў у Чарнаўчыцах пад Брэстам, якія зрабіў сваёй галоўнай рэзідэнцыяй.
  4. Жыгімонт Караль Радзівіл (1591–1642), нясвіжскі ардынат у ліпені—кастрычніку 1636 г. Сын М. К. Радзівіла. Падчас вандроўкі па Еўропе ўступіў у Мальтыйскі ордэн, у радах якога змагаўся з піратамі на Міжземным моры. Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Масковіяй і Асманскай Імперыяй. Пасля смерці Альбрыхта Уладзіслава стаў нясвіжскім ардынатам. Але як манах-рыцар не мог мець дзяцей, якім можна было б перадаць спадчынныя ўладанні, таму неўзабаве адмовіўся ад іх на карысць малодшага брата.
  5. Аляксандр Людвіг Радзівіл (1594–1654), нясвіжскі ардынат у 1636–1654 гг. Малодшы сын М. К. Радзівіла, атрымаў ардынацыю ад Жыгімонта Караля. Правёў некаторыя будаўнічыя работы ў нясвіжскім замку, фундаваў паблізу горада касцёл Святога Крыжа. Сваёй галоўнай рэзідэнцыяй зрабіў Белую на Падляшшы, дзе пабудаваў бастыённы замак.
  6. Міхал Казімір Радзівіл (1635–1680), нясвіжскі ардынат у 1654–1680 гг. Сын А. Л. Радзівіла. Прыняў бацькоўскія ўладанні на пачатку вайны з Маскоўскай дзяржавай. Значна ўмацаваў нясвіжскі замак, што дазволіла вытрымаць аблогу расійскіх войскаў, хоць сам горад быў спалены і разрабаваны. Пасля вайны дамогся вызвалення нясвіжан ад выплаты мытных збораў і падаткаў. Спрыяў перасяленню ў горад рамеснікаў, сялян, купцоў. Усё гэта дазволіла аднавіць разбураную вайной гаспадарку.
  7. Ежы Юзаф Радзівіл (1668–1689), нясвіжскі ардынат у 1680–1688 гг. Сын М. К. Радзівіла. Фармальна прыняў ардынацыю пасля смерці бацькі. Фактычна, усімі справамі кіравала яго маці Кацярына з Сабескіх, якая выдала шэраг прывілеяў для нясвіжан, а таксама істотна абмежавала правы яўрэйскага насельніцтва.
  8. Караль Станіслаў Радзівіл Справядлівы (1669–1719), нясвіжскі ардынат у 1689–1719 гг. Малодшы сын М. К. Радзівіла. Падчас Паўночнай вайны выступіў на баку Пятра І. Гэта прывяло да таго, што яго ўладанні мэтанакіравана рабаваліся шведамі. У 1706 г. быў спалены Нясвіж, захоплены і разбураны замак. Пасля смерці К. С. Радзівіла аднаўленнем спустошаных уладанняў займалася яго жонка Ганна Кацярына з Сангушкаў.
  9. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька (1702–1762), нясвіжскі ардынат у 1719–1762 гг. Сын К. С. Радзівіла. Прыклаў шмат намаганняў для аднаўлення Нясвіжа, разбуранага ў часы Паўночнай вайны, запрашаў сюды рамеснікаў, мастакоў, архітэктараў. Прыняў шэраг дэкрэтаў, якія рэгулявалі жыццё мяшчан і пытанні дабраўпарадкавання. Пры ім быў адбудаваны палац, гарадская ратуша з гандлёвымі радамі і рэзідэнцыя ў Альбе, пачала дзейнічаць друкарня, тэатр, балетная школа, кадэцкі корпус, былі заснаваны суконная і дывановая мануфактуры. Жонка М. К. Радзівіла Францішка Уршуля з Вішнявецкіх была пісьменніцай-драматургам, аўтаркай 16 п’ес, стваральніцай прыдворнага тэатра.
  10. Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку (1734–1790), нясвіжскі ардынат у 1762–1790 гг. Сын М. К. Радзівіла. З-за канфлікту з каралём быў вымушаны двойчы пакідаць радзіму і жыць у эміграцыі. У яго адсутнасць маёмасць ардынацыі рабавалася расійскімі войскамі. У прыватнасці, з Нясвіжа была вывезена вялікая бібліятэка. Канчаткова вярнуўся ў 1778 г. Аднавіў дзейнасць тэатра і кадэцкага корпуса. У 1784 г. з вялікай раскошай прымаў у горадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Адзін з найбольш экстравагантных уладароў Нясвіжа, які праславіўся пышнымі застоллямі для шляхты і неверагоднымі байкамі пра ўласныя прыгоды.
  11. Дамінік Геранім Радзівіл (1786–1813), нясвіжскі ардынат у 1790–1813 гг. Пляменнік К. С. Радзівіла. Фармальна стаў ардынатам у 4-гадовым узросце, але толькі ў 1805 г. прыехаў у Нясвіж. Пры ім былі канчаткова знівеліраваны гарадскія ўмацаванні, забрукаваны вуліцы, з’явіліся новыя крамы, гасцініцы. Пры гэтым эканамічнае становішча ардынацыі абцяжарвалася шматлікімі пазыкамі. Дамінік дабраахвотнікам уступіў у армію Напалеона і на чале кавалерыйскага палка прыняў удзел у паходзе на Маскву. З-за гэтага Нясвіжскі замак быў дашчэнту разрабаваны расійскімі войскамі. Пасля гібелі князя ў яго не засталася прамых спадкаемцаў, якім можна было б перадаць ардынацыю.
  12. Антоній Генрых Радзівіл (1775–1833), нясвіжскі ардынат у 1814–1833 гг. Далёкі сваяк Д. Г. Радзівіла, з 1795 г. пастаянна знаходзіўся пры прускім каралеўскім двары. Быў прызначаны ўладальнікам ардынацыі Указам імператара Аляксандра І. Справамі фамільнай рэзідэнцыі цікавіўся мала, паколькі амаль увесь час праводзіў у Берліне і Познані. Набыў вядомасць як таленавіты кампазітар, аўтар песень і твораў для фартэпіяна. Вяршыняй яго творчасці стала музыка да оперы «Фауст», якую І. Гётэ назваў геніяльнай.
  13. Фрыдрых Вільгельм Радзівіл (1797–1870), нясвіжскі ардынат у 1833–1870 гг. Сын А. Г. Радзівіла. Звязаў свой лёс з ваеннай службай. Баявы шлях пачаў у званні падпаручыка прускай арміі ў 1813 г., падчас вайны з Напалеонам, скончыў у 1866 г. у званні генерал-лейтэнанта, шэфа корпуса інжынераў і сапёраў. У яго гонар быў названы сапёрны батальён і форт у Познані. Справамі ардынацыі не займаўся.
  14. Антоній Вільгельм Радзівіл (1833–1904), нясвіжскі ардынат у 1870–1904 гг. Сын Ф. В. Радзівіла. Як і бацька, зрабіў кар’еру ў нямецкай арміі. Удзельнічаў у войнах з Аўстрыяй і Францыяй. У 1865 г. упершыню наведаў Нясвіж, у якім Радзівілы не былі паўстагоддзя. Разам з жонкай Марыяй Даротай з дому дэ Кастэлян шмат зрабіў для аднаўлення фамільнай рэзідэнцыі і вяртання ёй статусу культурнага цэнтра. У 1875 г. далучыў да сваіх уладанняў Клецкую ардынацыю.
  15. Юрый Фрыдэрык Радзівіл (1860–1914), нясвіжскі ардынат у 1905–1913 гг. Сын А. В. Радзівіла. З-за цяжкай хваробы ўвесь час знаходзіўся ў Вене пад наглядам дактароў. У гэты перыяд апеку над ардынацыяй ажыццяўляў слуцкі землеўладальнік Эдвард Вайніловіч.
  16. Антоній Альбрыхт Радзівіл (1885–1935), нясвіжскі ардынат у 1914–1935 гг. Сын Ю. Ф. Радзівіла. У выніку рэвалюцыйных падзей 1917–1921 гг. страціў значную частку ўладанняў, але пры гэтым заставаўся адным з найбольш уплывовых землеўласнікаў міжваеннай Польшчы. Аказываў матэрыяльную падтрымку школам, фундаваў касцёлы і капліцы. У Нясвіжскім замку прымаў маршала Юзафа Пілсудскага і прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага.
  17. Леан Уладзіслаў Радзівіл (1888–1959), нясвіжскі ардынат у 1936–1939 гг. Сын Ю. Ф. Радзівіла. Кадравы вайсковец, удзельнік Першай сусветнай і савецка-польскай вайны. Прыняў ардынацыю пасля смерці брата. Пазбягаў удзелу ў палітыцы, пераважна займаўся гаспадарчымі справамі, паляваннем і жывапісам. У верасні 1939 г., з усталяваннем савецкай улады, быў арыштаваны разам з сям’ёй. Дзякуючы заступніцтву італьянскай каралевы, Радзівілы змаглі выехаць у Еўропу. Леан Уладзіслаў жыў у Лондане, пасля — у Парыжы. Унучка апошняга нясвіжскага ардыната Дыяна Марыя Караба-Тэтаманці жыве ў Італіі.