Спадчына манаскіх ордэнаў

Касцёл Божага Цела

Касцёл Божага Цела пабудаваны ў 1587 – 1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні па распараджэнню Мікалая Хрыстафора Радзівіла “Сіроткі”. Езуіцкі касцёл у Нясвіжы быў першым збудаваннем у стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Папскі нунцый Клаўдыё Рангоні асвяціў пабудаваны храм у 1601 г. Першая імша адбылася 14 верасня 1593 г.
Інтэр'ер храма багата дэкараваны размалёўкай. Фрэскі выкананы ў 1750-60-ые гг. з удзелам мастака К.Д. Гескага падчас правядзення рамонтных работ у касцёле (рэстаўраваны ў 1900 – 1902 гг.). У галоўным алтары – карціна К.Д. Гескага “Тайная вячэра” (1752 г.). У інтэр'еры касцёла мноства скульптурных выяў – барэльефы і бюсты надмагілляў XVII – XIX стст., мармуровыя алтары і помнікі. Над уваходам у храм – хоры з арганам. У паўпадвальным памяшканні касцёла размяшчаецца родавая крыпта,– магільны склеп Радзівілаў, у якой знаходзіцца больш сямідзесяці пахаванняў дынастыі.

Комплекс былога кляштара бенедыктынак

Комплекс былога кляштара бенедыктынак размяшчаецца ў паўднёвай частцы гістарычнага цэнтра горада. Будаўніцтва цаглянага кляштарнага комплексу праводзілася ў 1593 – 1596 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні. Гэта быў першы ў Беларусі жаночы каталіцкі манастыр, які будаваўся ў ансамблі з касцёлам Святой Яўфіміі. Асвячэнне храма здзейсніў біскуп жамойцкі Мельхіёр Гедройц у 1597 г.

У 1866 гг. касцёл быў перабудаваны пад царкву, а кляштар зачынены ў 1876 г. і перададзены пад казармы расійскага войска. З 1920 па 1945 гг. манастыр ізноў дзейнічаў. Пасля сканчэння II Сусветнай вайны ў будынку размяшчалася педвучылішча, цяпер Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа.

У комплекс былога кляштара ўваходзяць таксама гаспадарчыя пабудовы, трох'ярусная ўваходная вежа з манастырскімі сценамі, пабудаваная ў 1763 г. і рэшткі абарончых гарадскіх валаў.

Комплекс былога кляштара бернардынаў.

Касцёл Святой Кацярыны і кляштарны комплекс былі пабудаваны ў 1598 г. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні.

У XVII ст. да касцёла былі прыбудаваны капліцы св. Францыска і св. Ганны. З 1628 г. пры кляштары працавала школа тэалогіі, у 1654 г. заменена на школу філасофіі. У 1655 г. падчас пажару кляштар згарэў і быў адбудаваны ў 1662 г. У 1731 г. адноўлена школа, якая дзейнічала да 1864 г. У касцёле знаходзіліся надмагіллі мецэнатаў з вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў. У прыватнасці, тут быў пахаваны Міхал Казімір Рэйтан – прашчур вядомага дзеяча Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана. Распяцце, якое знаходзілася ў галоўным алтары, лічылася цудатворным. Пры касцёле дзейнічалі тры брацтвы. У 1793 г. касцёл Святой Кацярыны і корпус кляштара згарэлі, нанова былі адбудаваны ў 1802 – 1822 гг. Пры кляштары працавала суконная мануфактура, багатая бібліятэка і архіў.

У 1864 г. кляштар скасаваны, жылы корпус перададзены ваеннаму ведамству, а касцёл перароблены пад праваслаўную царкву. Манахаў выслалі ў Крэцінгу (сучасная Літва), пад Мазыр і ў Гарадзішча. Кляштар быў нязначна пашкоджаны падчас II Сусветнай вайны, храм быў разбураны ў 1950-я гг. Адзін кляштарны корпус захаваўся да нашых часоў.

Комплекс былога кляштара дамініканаў.

Заснаваны ў 1672 г. падчашым смаленскім Б. Баканоўскім і М. К. Радзівілам. У 1680 г. манахі на ўласныя грошы ўзвялі новы храм у гонар св. Яна Хрысціцеля. Сцены і скляпенні былі распісаны сынам Дамініка Ксаверыя Гескага Юзэфам. Кляштар быў скасаваны ў 1877 г., а на яго базе створана настаўніцкая семінарыя, якую ў розны час скончылі А. Багдановіч, Я. Колас, К. Чорны. Касцёл св. Яна Хрысціцеля за кошт казны быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Да нашых дзён не захаваўся. Будынак былога кляштарнага комплексу быў разбураны ў пасляваенны час.