Палацава-паркавы ансамбль

Палацава-паркавы ансамбль XVI-XIX ст.ст. у г. Нясвіж размешчаны на паўночным усходзе горада, у акружэнні сажалак ракі Уша. Ініцыятыва ўзвядзення каменнага замка належыць першаму нясвіжскаму ардынату Мікалаю Хрыстафору Радзівілу “Сіротцы” (1549 – 1616). Пачатак будаўніцтва адносіцца да 1583 г. З 1586 па 1599 гг. кіраўніком прац па ўзвядзенні замка быў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні. Да пачатку XVIІ ст. будаўнічыя працы былі галоўным чынам завершаны. Вал вышынёй да 20 метраў быў умацаваны каменнем. У ХVII ст. па вуглах бастыёнаў былі збудаваны 4 абарончыя вежы. Падыход да замка з захаду быў умацаваны трохкутным шанцам, да якога вялі дзве пад'язныя дарогі. Уздоўж галоўнай восі знаходзілася каменная брама з пад'ёмным мостам і 3-х павярховы палац з 8-міграннымі вуглавымі вежкамі. Злева ад брамы (варот) стаяў 2-х павярховы гаспадарчы корпус, справа – 3-х павярховая казарма з вялікай дазорнай вежай. Акрамя таго, у комплекс замкавых пабудоў уваходзілі: хата гараднічага, пякарня, стайня, ліцейная майстэрня. Будаўніцтва і перабудова палацава-замкавага ансамбля вялася ў ХVI – ХIХ стст., таму ў ім спалучаюцца прыёмы сярэднявечнага дойлідства са стылямі позняга рэнесансу, барока, класіцызму і самабытнае мастацтва мясцовых майстроў.

За час свайго існавання, замак вытрымаў аблогі рускіх войскаў у 1655 і 1660 гг., але ў 1706 г. быў узяты шведамі, якія разбурылі замкавыя пабудовы і бастыённыя ўмацаванні. У другой палове ХVIII – першай палове ХIХ стст. замак неаднаразова абложвалі рускія войскі (1764, 1768, 1772, 1773, 1812 гг.).

Рамонтныя, будаўнічыя і реканструкцыйныя працы, пачатыя ў 20-я гады ХVIII ст., адзначылі сабой новы перыяд у жыцці комплексу. Ён звязаны з дзейнасцю Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” (1702 – 1762), а таксама яго сына Кароля Станіслава Радзівіла “Пане Каханку” (1734 – 1790). Аднаўленчымі працамі кіраваў архітэктар Казімір Ждановіч. Ён жа з'яўляўся аўтарам праекта капліцы (пабудавана ў 1740 г.) і тэатральнай залы (1748 г.) у адным з памяшканняў комплексу. Адмыслова да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1784 г.) па праекце Л. Лютніцкага была абсталявана “каралеўская зала” (побач з капліцай). Тым часам інтэр'еры аднаўляліся ў шматлікіх памяшканнях замка. Будаўніцтвам у другой палове ХVIII ст. дадатковых карпусоў, якія спалучылі будынкі ў адзінае цэлае, было скончана фармаванне замкнёнага комплексу, які шмат у чым захаваўся да нашага часу.

Найвялікага росквіту нясвіжскі замак дасягнуў падчас кіравання “Рыбанькі” і “Пане Каханку”. Тут захоўваўся архіў Вялікага Княства Літоўскага. Замкавая бібліятэка да пачатку 1770 г. налічвала каля 20000 тамоў кніг. У другой палове ХVIII ст. гэта была самая буйная прыватная бібліятэка на землях Рэчы Паспалітай. У карціннай галерэі ў 1770 г. знаходзілася 984 карціны. Унікальнымі былі калекцыі зброі, нумізматыкі, шматлікія каштоўнасці некалькіх замкавых скарбніц і інш.

Пасля падзей 1812 г. замак знаходзіўся ў запушчаным стане да 1875 г. Маштабныя рэстаўрацыйныя працы пачалі праводзіць толькі ў апошняй чвэрці ХIХ – пачатку ХХ стст. пад кіраўніцтвам Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл.

Пад ахову дзяржавы палац быў узяты ў 1939 г. У 2001 г. палацавы ансамбль перададзены на баланс Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", у 2012 г. завершаны рэстаўрацыйныя працы і для наведвальнікаў адкрыліся экспазіцыйныя залы.