“Кубак Старога замка – 2018”

08.01.2018

ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” запрашае вучняў 8-9 класаў дзяржаўных устаноў адукацыі прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка – 2018”.

Вось ужо сёмы год нясвіжскі замак адчыняе свае дзверы перад таленавітай моладзю рэспублікі.

Упершыню інтэлектуальная гульня “Кубак Старога замка” прайшла ў 2012 г. у рамках акцыі “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі”, і была прымеркавана да выставы ў сценах музея-запаведніка “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 – 1800 гг.”, тэмай гульні была выбрана Англія.

“Кубак Старога замка – 2013” уваходзіў у лік мерапрыемстваў, якія праводзіў музей-запаведнік сумесна з адзелам адукацыі Нясвіжскага раёна. На гэты раз тэмай гульні стала Вялікае Княства Літоўскае, а сама гульня прайшла на беларускай мове.

З 2014 г. “Кубак Старога замка” праводзяць выхаванцы клуба ЮНЕСКА “Кліо” з ліку навучэнцаў УА “Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа”. У 2014 г. гульня была прымеркавана да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны.

У 2015 г. тэмай інтэлектуальных баталій знаўцаў сталі “Помнікі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”, у 2016 г. – “Беларусь”, а ў 2017 г. – “Сусветнае мастацтва”.

З 2012 г., два разы запар “Кубак Старога замка” выйгравала каманда інтэлектуалаў ДУА “Нясвіжская гімназія”.У 2014 і 2015гг. ва ўпартай барацьбе, галоўны прыз даставаўся камандзе “Ветразь” ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа”, у 2016 г. камандзе“Эрудыты” ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Гарадзея”, а ў 2017 г. камандзе “Самі з Вусамі” ДУА “Сярэдняя школа № 2 імя Цішкі Гартнага” г. Копыля; ці будзе новы пераможца ў гэтым годзе – пакажа час.

Інтэлектуальная гульня пройдзе на беларускай мове; тэма гульні– “Вядомыя беларусы”.

“Кубак Старога замка” будзе разыграны 28 лютага ў Тэатральнай зале палацавага ансамбля г. Нясвіжа.

Калі ў Вас з’явілася жаданне прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка – 2018”, то Вам неабходна азнаёміцца з інфармацыйным паведамленнем.