Выстава “Твар гісторыі”

19.11.2012

У выставачнай зале Палацава-паркавага ансамбля XVI – XIX стст. у г. Нясвіжы з 28 лістапада па 13 студзеня будзе праходзіць выстава “Твар гісторыі” з прыватнай калекцыі Паўла Татарнікава – лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата міжнароднай прэміі “Залатое пяро” ў Белгарадзе (1989), уладальніка Гран-Пры конкурсу “Мастак і кніга” (2000), двойчы лаўрэата прэміі “Залаты яблык” (2001, 2009) Міжнароднай біенале ілюстрацыі ў Браціславе, лаўрэата прэміі “Лепшы ілюстратар года” Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” (2007).

У шматлікіх працах Паўла Татарнікава ажывае свет Сярэднявечча. На выставе будуць прадстаўлены ілюстраваныя рэканструкцыі гарадоў і замкаў. Беларускі мастак-графік , ілюстратар казак і гістарычнай літаратуры стварае ў ілюстрацыях свой уласны, магічны свет, у якім мудрагеліста пераплятаюцца ўяўленне і рэальнасць.