Выстава “Кніжная спадчына Радзівілаў”

05.04.2013

12 красавіка 2013 года ў Нясвіжскім Палацавым ансамблі адкрыецца выстава “Кніжная спадчына Радзівілаў”. 90 рэдкіх кніг з княжацкай бібліятэкі на некаторы час вернуцца ў сцены былой рэзідэнцыі “некаранаваных каралёў”. Праект арганізаваны сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай ім. Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей – ЦНБ НАН).

Прынцып размяшчэння кніг на выставе застаўся нязменным з тых самых часоў, як у XVI стагоддзі ўпершыню згадваецца бібліятэка Радзівілаў. 7 вітрын уяўляюць 7 аддзелаў з найбольш яркімі асобнікамі кніг Нясвіжскай бібліятэкі па гісторыі, тэалогіі, праву і навуках, літаратуры, старадрукаваных выданняў Нясвіжскай друкарні XVIII стагоддзя, творы Радзівілаў і пра Радзівілаў. Выстава дапоўнена партрэтамі прадстаўнікоў знатнага роду з фондаў музея-запаведніка “Нясвіж”.

На цырымоніі адкрыцця экспазіцыі, якая адбудзецца 12 красавіка, пройдзе прэзентацыя каталога “Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі”. Каталог уяўляе сабой поўнае апісанне выданняў XVII стагоддзя з кніжных збораў Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі.