Выстава "Паміж мінулым і будучыняй"

12.02.2014

Галіна Ламака - сябра Беларускага грамадскага аб'яднання фотамастакоў “Фотамастацтва”, сябра Народнага фотаклуба “Мiнск”, удзельніца і прызёр шматлікіх выстаў і конкурсаў. У 2011 Галіна з'яўлялася аўтарам публікацый часопіса “Pinguin” (фотарэпартажы “Мама! Афрыка!”, “Мексіка”, “Ізраіль”, “Істрыя”, “Па слядах дона Карлеоне або Многааблічная Сіцылія”). 

Фатограф шмат падарожнічае, глядзіць на свет праз відашукальнік, а пра сябе кажа так: “Люблю людзей, люблю дзяцей, люблю жывёл... Люблю назіраць за людзьмі... Люблю жыццё ва ўсіх яго праявах. Больш за ўсё радуюць моманты, калі, напрыклад, дзіця паказвае пальчыкам на мой здымак і кажа: “Мама! Глядзі, якія прыгожыя блікі на вадзе!..”

Магчыма, менавіта ў Вас, паважаныя наведвальнікі, атрымаецца сярод штодзённай мітусні, праблем і клопатаў спыніцца на імгненне тут і цяпер і зірнуць на свет вачыма аўтара незвычайнай выставы “Паміж мінулым і будучыняй”, і ўгледзець нешта сваё...

Піктарыяльныя фотаработы Галіны Ламака можна ўбачыць у галерэі інфармацыйна-касавага цэнтра музея-запаведніка з 10 лютага па 30 красавіка 2014 года. Уваход вольны.