Выстава "Жывапіс, скульптура, графіка"

28.02.2014

З 1 сакавіка да 20 красавіка 2014 г. ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” праходзіць выстава работ сяброў “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе”. Аб’яднанне было створана ў 2005 г. ў Санкт-Пецярбургу з мэтай адраджэння і развіцця лепшых традыцый рускага мастацтва. Дэвіз Таварыства: “Ад лепшых узораў старога да новага, ад праверанай школы да эксперымента”. Назва і характар дзейнасці санкт-пецярбургскага аб’яднання нагадваюць пра знакамітых “перадзвіжніках” другой паловы ХІХ стагоддзя, сярод якіх былі буйнейшыя майстры рускага мастацтва – В. Пяроў, І. Рэпін, В. Сурыкаў, І. Шышкін і іншыя.

Сучаснае Таварыства рэгулярна праводзіць выставы ў музеях, галерэях у розных гарадах Расіі, Беларусі, Германіі, Польшчы. Чэхіі, Фінляндыі. У межах мерапрыемстваў праходзяць канцэрты і творчыя сустрэчы. Для экспанавання старанна адбіраецца ўсё лепшае, што было створана сучаснымі “перадзвіжнікамі” – майстрамі, якія атрымалі класічную адукацыю ў лепшых мастацкіх навучальных установах Расіі і замежжа.

На выставе прадстаўлена звыш 50 твораў 28 аўтараў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Белгарада, Самары, Петрапаўлаўска-Камчацкага. Работы створаны ў розных жанрах і на самыя розныя тэмы. Гледачы змогуць ацаніць чароўны свет балета ў карцінах Васіля Братанюка, лірычныя пейзажы Барыса Кельберэра і Вольгі Іўлевай, віды ўсходніх гарадоў Генадзя Цібушкіна, партрэтны жывапіс Наталлі Вішняковай, батальныя сцэны Аляксандра Чагадаева, творчыя эксперыменты майстроў-наватараў Юрыя Белазерскага і Канстанціна Троіцкага. Прадстаўнікі Таварыства мяркуюць, што ад выставы да выставы кола мастакоў будзе пашырацца, а ўзровень іх работ – расці. Ацаніць сённяшні ўзровень змогуць наведвальнікі музея-запаведніка “Нясвіж”.